Традыцыйны строй / Магілёўскі строй
Магілёўскі строй
Строй бытаваў ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя на Падняпроўі, у межах цяперашніх Магілёўскага, Шклоўскага, Бялыніцкага, Круглянскага, Слаўгарадскага, Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Святочны строй маладой незамужняй дзяўчыны
Руба̀ха
Палатняны выраб з трох полак і каўнерам “стойка”. Злучальныя швы паміж паліком
і рукавом у тэхніцы “цераз край” выконваюць дадатковую дэкаратыўную ролю.
Ніз рукава заканчваецца пышнай фальбонай. Фальбона ўтворана
полкай рукава, якая на пэўнай адлегласці ад ніжняга краю
сабрана на нітку ў дробныя складкі і замацавана нашыўной планкай
з вышыўкай процягам. Манжэты рукавоў і каўнер рубахі
зашпіляюцца самаробнымі ніцянымі гузікамі
Фарту̀х
З двух полак ільняной даматканкі. Па нізе фартух упрыгожаны шырокай паласой
вышытага раслінна-геаметрызаванага ўзору ў тэхніцы “крыж” баваўнянымі
ніткамі чорнага і чырвонага колеру, а таксама самаробнымі зубчатымі карункамі
По̀яс
З ваўняных паліхромных нітак, канцы ўпрыгожваюць кутасы
Спадні̀ца
З чатырох полак клятчастай ільняной саматканкі бела-сіняга колеру,
вытканай у два ніты палатняным перапляценнем. Па нізе ўздоўж прышыта
шырокая паласа кумача, з ісподняга боку спадніца падшыта стужкай
хатняга палатна – “падпадолкам”
Скі̀ндачка
З тонкага льнянога палатна,
канцы ўпрыгожаны тонкімі
пракідкамі па ўтку
Па̀церкі
Выраблены са шкла, карала
Боцікі-шнуро̀вачкі
Скураныя
Паказаны святочны строй маладой незамужняй дзяўчыны ўключае палатняную «рубаху» (кашулю) з трох полак, верх рукавоў якой упрыгожаны геаметрычным арнаментам. Полкай рукава ўтворана фальбона, якая на пэўнай адлегласці ад ніжняга краю сабрана на нітку ў дробныя складкі і замацавана нашыўной планкай з вышыўкай процягам. Рубаха мае каўнер-стойку. Каўнер рубахі і манжэты рукавоў зашпіляюцца самаробнымі ніцянымі гузікамі. Спераду фартух з двух полак ільняной даматканкі, які знізу ўпрыгожаны шырокай паласой вышыўкі раслінна-геаметрызаванага ўзору ў тэхніцы «крыж» баваўнянымі ніткамі чорнага і чырвонага колераў. Таксама ніз фартуха ўпрыгожваюць самаробныя зубчатыя карункі. Строй мае спадніцу з чатырох полак клятчастай ільняной саматканкі бела-сіняга колеру, якая выткана ў два ніты палатняным перапляценнем. Знізу спадніцы ўздоўж прышыта шырокая паласа кумачу́. З сподняга боку спадніца падшыта стужкай хатняга палатна, які мае назву «падпадолак». Адзенне падперазалі ваўняным поясам з геаметрычным арнаментам, які выраблены з паліхромных нітак. Канцы пояса ўпрыгожваюць кутасы. На галаве насілі скі́ндачку з тонкага льнянога палатна, канцы якой ўпрыгожаны тонкімі пракідкамі па ўтку. Каса ўпрыгожана чырвонай стужкай. На шыі пацеркі з шкла і карала. На нагах сінія скураныя боцікі-шнуровачкі.
Матэрыял створаны пры ўдзеле УК «Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава»