ФІЛЬМЫ

Ульяна Віннік - носьбіт мясцовых ткацкіх традыцый

Вёска Боркі. Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі. Выпуск 1.

Першы фільм з цыклу “Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі” пра Ульяну Пятроўну Віннік, родам з вёскі Хатынічы Ганцавіцкага раёна, больш за сорак год працавала ў вёсцы Боркі, дзе і жыве цяпер. Дом Ульяны Пятроўны — сапраўдная скарбонка. Стаў (ткацкі станок), ручнікі, тканыя посцілкі ды паясы — усё зроблена таленавітай майстрыхай.

Вандроўкі па ганцавіцкім палессі

Вёска Раздзялавічы. Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі. Выпуск 2

Завіталі ў вёску Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, што размешчана сярод балотаў. Сустрэліся з народным аўтэнтычным гуртом «Завіца», які ўвабраў у сябе культурную спадчыну сваёй вёскі, захаваўшы мясцовы старажытны выканальніцкі стыль. Пагутарылі аб лёсе жанчыны і пабачылі розныя спосабы завязвання хустак.

Вясельны вянок, намітка, традыцыйныя торбачкі. Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі

Вёска Люсіна. Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі. Выпуск 3.

Завіталі ў вёску Люсіна, у якой настаўнічаў малады Якуб Колас і пра якую напісаў потым аповесць «У палескай глушы». Пагутарылі аб вобразе маладзіцы, зафіксавалі спосаб завівання наміткі і даведаліся гісторыю традыцыйных палатняных торбачак.

З чаго складаўся мясцовы строй і як яго насілі? Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі

Вёска Хатынічы. Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі. Выпуск 4

Вёска Хатынічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці — месца, дзе да гэтага часу захавалася і жыве традыцыйная культура. Пагутарылі з гуртом “Хатовічы” пра тое, якая спадніца лічылася самай прыгожай, дзе яшчэ выкарыстоўваліся паясы. Вучымся завіваць намітку

Калядныя спеўкі ў палескай глушы

Святочная анлайн-прэзентацыя праекта
ў вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна. Традыцыйныя спевы,
унікальны абрад “Застрыг маладых” і “Завіванне наміткі”.

Беларускі традыцыйны строй – частка 1

Гісторыя народнага адзення Беларусі: ад тэрміналогіі да асаблівасцяў кожнага з элементаў. Разбіраемся з даследчыцай традыцыйнага строю — Аляксандрай Мятлеўскай.

Беларускі традыцыйны строй – частка 2

У другой частцы ўводнай лекцыі высвятляем, чым жа адрознівалася святочнае і паўсядзённае адзенне, як адзенне вызначала шлюбны статус і ўзрост. Закранаем сезонныя асаблівасці і нават гісторыю бялізны.

Беларускі традыцыйны строй – частка 3

Працягваем гутарку пра беларускі народны строй. У трэцяй частцы закранём больш практычныя пытанні, з чаго рабілі і як аздаблялі традыцыйную вопратку.

Беларускі традыцыйны строй – частка 4

На заканчэнне падрабязней разгледзім пытанне арнаменту, прасочым эвалюцыю традыцыйнага касцюма, а таксама дадзім парады, як выбраць свой строй.

ПЕРАКЛАДЧЫК

Рэжысёр фільма — Кася Растоцкая

Пакінуць свой адметны след на зямлі мае магчымасць кожны чалавек: ён можа пасадзіць сад, годна выгадаваць дзяцей, пабудаваць царкву, самааддана паслужыць веры, Айчыне, людзям або справе свайго жыцця. 

І для нашага земляка Фёдара Данілавіча Клімчука такім прызваннем, якому ён без шкадавання і на працягу многіх гадоў ахвяраваў увесь свой час, сілы, веды і здольнасці, стала яго праца па захаванню гаворкі і фальклорнай спадчыны сваёй роднай вёскі Сіманавічы і ўвогуле — па даследаванні, вывучэнні, навуковай класіфікацыі разнастайных заходнепалескіх дыялектаў. Ён быў не проста вучоным, фалькларыстам, глыбокім знаўцам мовы і традыцыйнай культуры заходняга Палесся, а яшчэ і актыўным папулярызатарам гэтай самабытнай духоўнай спадчыны. Яго старанне ўвасобілася ў шматлікіх артыкулах і выданнях, і да астачы сваіх дзён ён не пераставаў спадзявацца на тое, што выйдзе ў свет і знойдзе свайго чытача і кніга “Новага Запавету”, перакладзеная ім на гаворку роднай вёскі Сіманавічы.

САПРАЎДНЫ (2020)

Рэжысёр фільма Кася Растоцкая

У вёсцы Стахава, у глыбіні Палесся, жыве айцец Васіль Лясько, які арганічна спалучае ў сабе тры іпастасі. Ён сапраўдны святар: больш за 40 гадоў аддаў служэнню царкве, за што быў пераследаваны камуністычным рэжымам.

Ён сапраўдны сем’янін  і захавальнік сямейных каштоўнасцяў: выгадаваў чацвярых дзяцей.
І ён сапраўдны паляшук, бо ведае на памяць і спявае сотні народных песень сваёй мясцовасці.

Tradycyja