Навагрудскі строй

Строй бытаваў ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя на Панямонні, у межах цяперашніх Навагрудскага, Карэліцкага, Слонімскага і Лідскага раёнаў Гродзенскай вобласці. Строй выкананы ў стрыманых колерах, вышыўкай упрыгожвалася толькі кашуля

Святочны строй замужняй жанчыны

Кашу́ля
палатняная кашуля з паліка́мі.
Каўнер-стойка, разрэз пазухі, манжэты
рукавоў упрыгожаны вышыўкай расліннага
арнаменту ў тэхніцы крыжа

Андара́к
Паўшарсцяное палатно ў палоскі выраблена ў тэхніцы
чатырохнітовага аднаўточнага ткацтва. Пашыта ў пышную зборку,
якая замацавана на тканым поясе

Фарту́х
Пашыты з адной полкі палатна. Упрыгожаны аздабленнем у тэхніцы мярэжкі.
Па падолу фартуха падшыты самаробныя баваўняныя карункі

Гарсэ́т
Паўшарсцяное палатно цёмнага колеру выраблена ў тэхніцы
чатырохнітовага аднаўточнага перапляцення. Мае прыталены крой
з баскай, зашпільваецца на гаплікі, упрыгожаны нашыўкай пазументу

Капту́р 
Пашыты з крамнай шаўковай тканіны. Край налобнай часткі
і вушак аблямаваны бейкай. Вушкі ўпрыгожаны нашыўкай бісеру,
шклярусу. Да вузкай часткі прымацаваны стужкі-завя́зкі

Ху́стка

Бо́цікі

Кашу́ля

Андара́к

Фарту́х

Гарсэ́т

Капту́р

Ху́стка

Бо́цікі

Паказаны святочны строй замужняй жанчыны ўключае палатняную кашулю з паліка́мі, з каўняром-стойкай і разрэзам пазухі. На манжэтах рукавоў кашуля ўпрыгожана вышыўкай расліннага арнаменту ў тэхніцы крыжа. На кашулю апранаўся гарсэт з паўшарсцянога палатна цёмнага колеру, вырабленага ў тэхніцы чатырохнітовага аднаўточнага перапляцення. Гарсэт мае прыталены крой з баскай, упрыгожаны нашыўкай пазументу, зашпільваецца на гаплікі. Спераду белы фартух, пашыты з адной полкі палатна і ўпрыгожаны аздабленнем у тэхніцы мярэжкі. Таксама фартух упрыгожаны самаробнымі баваўнянымі карункамі, якія прышыты па падоле. Строй мае андарак з паўшарсцянога палатна ў палоскі, вырабленага ў тэхніцы чатырохнітовага аднаўточнага ткацтва і пашытага ў пышную зборку. Адзенне падперазалі поясам, канцы якога ўпрыгожаны кутасамі. На галаве шаўковы каптур, пашыты з крамнай тканіны. Край налобнай часткі і вушак каптура аблямаваны бейкай, вушкі ўпрыгожаны нашыўкай бісеру і шклярусу. Да вузкай часткі прымацаваны стужкі-завязкі. Паверх каптура хустка. Шыя ўпрыгожана чырвонымі пацеркамі. На нагах чорныя скураныя боцікі.

Матэрыял створаны пры ўдзеле аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці».

Tradycyja