Кіраўнік — Таццяна Буйкевіч.
“Хатовічы” — унікальны фальклорны гурт, які існуе больш за 40 гадоў у вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна Брэстчыны. Старэйшай удзельніцы калектыву – амаль 80 год.
Нязменнай крыніцай натхнення для ўдзельнікаў калектыву заўсёды былі мясцовыя песні і абрады. Выконваюць “Хатовічы” веснавыя, купальскія, жніўныя песні, спяваюць пазаабрадавыя творы і прыпеўкі.
У рэпертуары калектыву – пастаноўкі абраду Каляды, самабытны хатыніцкі абрад “Юр’я”, унікальны вясельны абрад “Застрыг маладых”. Апрача таго, “Хатовічы” могуць навучыць і “намітку завіваць”, і “чапец закруціць”.
Гледачы зазвычай адзначаюць таксама і асаблівую прыгажосць аўтэнтычных строяў гурта.
Шырокаму колу “Хатовічы”, верагодна, найбольш вядомыя сваім выкананнем хрэстаматыйнай купальскай песні «Ехало Міхайло на кані», для якой гурт SHUMA зрабіў электронную апрацоўку.
Калектыў “Хатовічы” – удзельнік шматлікіх канцэртаў і фестываляў, у тым ліку:
- Фестываль традыцыйнай музыкі “Rajok” (Мінск, 2019),
- Фестываль вясельных традыцый “Вяселле Фэст” (Пружанскі раён, 2019),
- Традыцыйныя жніўныя сустрэчы “Олень по бору ходіт” (Бельск-Падляскі, Польшча, 2019),
- Канцэрт “Беларусь старажытная” (Вільнюс, Літва, 2019),
- Фестывалі традыцыйнай музыкі “Pieśni Bagien” (Польшча),
- Міжнародным фестывалі “Baltica–2018” (Латвія) і інш.