Мастацкі кіраўнік – Вольга Емяльянчык.
Калектыў займаецца вывучэннем і ўзнаўленнем традыцыйнай музыкі: спеўнай, танцавальнай, інструментальнай. Гурт “Варган” выконвае музыку і спевы з розных гісторыка-культурных рэгіёнаў Беларусі. Асаблівае месца ў яго рэпертуары займае спеўны матэрыял Беларускага Падзвіння, запісаны ўдзельнікамі гурта падчас этнаграфічных экспедыцый.
У 2018 годзе гурт “Варган” у межах праекта «Традыцыя» выпусціў дэбютны аўдыяальбом «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны».
“Варган” прымае ўдзел у разнастайных культурных праектах, займаецца рэканструкцыяй традыцыйных свят, праводзіць спеўныя і танцавальныя вечарыны.
Гурт “Варган” актыўна ўдзельнічае ў мясцовых і замежных фальклорных фестывалях, сярод якіх:
- Міжнародны фестываль этнакультур “Музычная культура Беларусі і свету ў разнастайнасці гукавых ландшафтаў”,
- Міжнародны фолк-фестываль “Камяніца”,
- “Жнівеньскі фэст” (Лепельшчына),
- “Пятроўскі фэст” (Любаншчына),
- III Усерасійскі фестываль народна-спеўнага мастацтва «Вечные истоки» (г. Масква, Расія),
- “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” (г. Даўгаўпілс, Латвія),
- Міжнародны фестываль народных культур “Rudeninės” (Вісагінас, Літва) і інш.