Полацкі строй

Строй бытаваў у канцы XIX на Паазер’і, на тэрыторыі цяперашняга Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Ёсць архаічным комплексам адзення, у якім пераважае белы колер, сціплае аздабленне арнаментам

Мужчынскі строй

Саро́чка (кашуля)

По́рты, по́рткі матузныя (штаны)

По́яс

Маге́рка

Паказаны мужчынскі строй уключае сарочку (кашулю) паліковага крою з даматканага ільнянога палатна. Паліковы крой бытаваў у мясцовым мужчынскі касцюме раней за тунікападобны, якім зроблена бальшыня захаваных кашуль тыпу касаваротак. Палікі прышыты на ўтку, станіна з двух полак. Ніз рукава аздоблены арнаментальнай паласой. Выканана імітацыя бранага ткацтва ручной вышыўкай, у тэхніцы прамога процяга (набору) баваўняным мулінэ. Каўнер зашпілены на два гузікі, два гузікі таксама на манжэтах. Кашуля з гэтага строю выраблена паводле экспаната РЭМ. Ніжэй за пояс белыя штаны «порты», або «порткі матузныя», пашытыя з даматканага ільнянога палатна. Штаны зацягваюцца зверху на матузок. Адзенне падперазалі вузкім арнаментаваным поясам, сатканым з сучасных ваўняных нітак, з махрамі на канцах. Пояс ёсць рэплікай музейнага экспаната, майстрыха – Настасся Глушко. Галаўным уборам выступае шэрая магерка з авечага лямцу, майстрыха – Настасся Глушко. На нагах плеценыя з лыка лапці.

Дзявочы строй

Фа́ртух
Саро́чка (кашуля)
Сая̀н, сыя̀н (спадніца)
По́яс
Ла́пці
Дзявочы строй мае белую сарочку (кашулю) з даматканага ільнянога палатна, крою з плечавымі ўстаўкамі – «полікамі». Рукаў кашулі скошаны і завужаны да нізу, без манжэтаў і зборак на запясці, не мае цвіклі пад пахай. Станіна кашулі складаецца з трох полак. Упрыгожана вышыўкай на плячах у тэхніцы папярочнага процягу. Кашуля зроблена паводле экспаната РЭМ. Спераду белы двухполкавы фартух з даматканага ільнянога палатна, знізу ўпрыгожаны тонкімі чырвонымі палоскамі. Строй уключае сая́н або «сыян» (спадніцу), сатканы з каляровых ільняных нітак хатняга вырабу, з чатырох полак даматканага ільнянога палатна ў краткі белага і цаглянага колераў. Знізу саян падшыты грубым ільняным палатном, якое прыгожа распраўляе падол і бароніць яго ад механічнага выцірання. Адзенне падперазалі поясам з ваўняных нітах, з махрамі на канцах. На паказаным строі пояс ёсць рэплікай музейнага экспаната, майстрыха – Настасся Глушко. Шыя ўпрыгожана каралямі. На нагах лапці, плеценыя з лыка.

Матэрыял створаны пры ўдзеле Аляксандры Мятлеўскай.

Tradycyja