Басэтля

(басо́ля, бас, «каро́ва» – ад тэмбравай характарыстыкі гучання, якое нагадвае рык; польск. basetla, ням. Bassetl; іт. basetto – маленькі бас)

Народны струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра. Паколькі ўсе басэтлі – гэта майстравыя самаробныя інструменты, то ўсе яны розныя (унікальныя): памерам ад віяланчэлі да кантрабаса, бываюць трох- і чатырохструнныя.
Часткі басэтлі вырабляюцца з розных відаў дрэва. Струны жыльныя або металічныя.

Басэтля выкарыстоўвалася ў розных складах народных інструментальных ансамбляў-«капэляў» (найчасцей са скрыпкай) пры выкананні танцаў, маршаў:
скрыпка + басэтля;
скрыпка + басэтля + барабан;
скрыпка + цымбалы + басэтля + бубен;
скрыпка + цымбалы + гармонік + басэтля + барабан;
скрыпка + кларнет + цымбалы + гармонік + басэтля + барабан.
Функцыя інструмента абмяжоўваецца басовай рытмічнай і гарманічнай апорай («уто́рай», «басава́ннем», «дапамо́гай»).

Басэтля была пашырана ў некаторых раёнах паўночна-заходняй Віцебшчыны, Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей, пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Інструмент выкарыстоўваўся таксама ў магнацкіх аркестрах, дзе разам з замежнымі запрашалі і мясцовых музыкантаў.

Tradycyja