Бубен
Ударны музычны інструмент, вядомы ў Беларусі спрадвеку, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі і іканаграфічныя крыніцы. З ΧV ст. фіксуецца ў выявах, напрыклад, выява скамароха з бубнам на фрэсцы касцёла Святой Тройцы ў Любліне работы „рускіх майстроў” (майстроў ВКЛ).
Драўляная (радзей металічная) абяча́йка (абе́чка), абцягнутая з аднаго боку скурай сабакі, цяляці або казляняці. У падоўжаныя прарэзы абячайкі ўстаўленыя дроцікі, на якія нанізаныя пары рухомых круглых бляшак (тале́рачак, ляско́так). З процілеглага боку ад скуры накрыж падвязаныя бразго́ткі (звано́чкі ці шархуны́).
Гук узнікае пры патрэсванні бубна, ударах па мембране пальцамі, далонню, кулаком або драўлянай калатушкай, а таксама пры трэнні вялікім пальцам па скуры.
Бубен выкарыстоўваецца як ансамблевы інструмент пры выкананні танцаў і вясельных маршаў.
Пашыраны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Гучанне бубна вызначаецца разнастайнасцю гукавых, тэмбравых і дынамічных адценняў.