Дудка

Флейтавы аэрафон з некалькімі ігравымі адтулінамі. Дудка распаўсюджаная ў Еўропе з часоў каменнага веку. На тэрыторыі Беларусі дудкі вядомыя з першай паловы II тысячагоддзя да н.э.
Дудкі вырабляюць з хвоі, клёну, крушыны, арэшніку і інш.
Пастухі звычайна „выкручвалі” стрыжань са зрэзанага кавалка дрэва, „выгладзіўшы” яго нажом, устаўлялі ў „галоўку” корак, прапальвалі адтуліны. Рабілі гэта распаленым дротам, які называўся суга́к або жыга́ла.

Ду́дачнік – музыка, які грае на дудцы. Таксама яго называлі і “дударом”, хаця цяпер у літаратурнай мове гэтак завецца музыка, які грае на дудзе.

Беларусы выконвалі на дудках абрадавую і пазаабрадавую музыку.
Дудка гучала сольна альбо ў таварыстве скрыпкі і бубна. Дудка магла суправаджаць гуртавыя спевы, напрыклад на бяседах, хрэсьбінах, вяселлях, гулянках, калі вадзілі карагоды, на танцах.
У Беларусі бытавалі парныя дудкі (парнёўкі, двойні), якія складаюцца з дзвюх дудак; дудка-паршнёўка, у якой вышыня гуку залежыць ад становішча шпунта; мультанкі – аналаг флейты Пана.

Дудка ў беларускай культуры выступае часта як сімвал паэтычнай душы народа.

Tradycyja