Колавая ліра

(ле́ра, рэ́ля, старэ́цкая скры́пка, ко́лавая лі́ра)

Струнны музычны інструмент, у якім гук узнікае ў выніку трэння драўлянага кола аб струны (ролю смычка выконвае драўлянае кола).
У Еўропе ліра згадваецца з Сярэднявечча, а на тэрыторыі Беларусі ўжо ў пачатку XVII ст.

Для вырабу корпуса выкарыстоўваюць клён, елку; для калкоў і клавіш – дуб, сёння таксама палісандр. Струны жыльныя або вераўчаныя.

Ліра мае драўляны рэзанансны корпус рознай формы (прамавугольнай, авальнай, скрыпічнай). Да верхняй часткі корпуса прымацаваная скрынка з калкамі. Ліра мае меладычныя (1-3) і бурдонныя (2) струны, якія вырабляюцца з жыл або вяроўкі. Гук узнікае ў выніку трэння драўлянага кола аб струны, якое музыкант прыводзіць у рух з дапамогай корбы. Кола ліры выконвае тую ж функцыю, што смык у скрыпцы. Вышыня гуку змяняецца пры дапамозе клавіш.

Музыкі, якія гралі на лірах, зваліся лі́рнікамі. У народзе іх лічылі “божымі людзьмі”. Яны вандравалі па вёсках ды гарадах, гралі і спявалі падчас кірмашоў ды фэстаў. Трымаліся па адным, удвух або групай па 3-4 чалавекі з агульным павадыром. За сваю справу лірнікі атрымлівалі ахвяраванні (ежай або грашыма).

Пераважную частку рэпертуару лірнікаў складалі духоўныя вершы і псалмы, апроч гэтага выконваліся гістарычныя, павучальна-бытавыя і сатырычныя песні. Зрэдку лірнікі гралі танцавальныя мелодыі.

У XVII ст. у Беларусі з’явіліся лірніцкія цэхі. У Мінскай губерні лірнікі ўваходзілі ў так званы жабрацкі цэх, які меў выбарнага цэхмістра, свае правілы і спецыяльную жабрацкую мову. У цэх прымалі толькі вучняў з фізічнымі недахопамі.

Інструмент выйшаў з ужытку ў 1930–40-я гады; сёння рэканструкцыяй ліры займаюцца розныя таленавіты майстры музычных інструментаў, а шэраг беларускіх выканаўцаў папоўнілі свой рэпертуар лірніцкімі творамі.

Tradycyja