Мастацкі кіраўнік — Таццяна Пушко.
Гісторыя калектыву бярэ пачатак з хору пры Аранчыцкай птушкафабрыцы, які пазней быў рэарганізаваны ў вакальную групу, з якой паўстаў гурт “Бабіна лета”. Гурт існуе больш за 30 гадоў, мае званне “народны”. Акампаніруе гурту Леанід Яшчук (гармонік).
У рэпертуары калектыву — мясцовыя песні, якія жанчыны памяталі самі ці запісвалі ад старэйшых вясковых жыхарак, а таксама пастаноўкі абрадавых свят народнага календара (абрад “Валачобнікі”, “Юр’еўскі абрад”, “Абыход поля”, “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Вандраванне Віфлеемскай зоркі”) і сямейна-бытавога кірунку (“Выпечка каравая”, “Упрыгожанне каравая”, “Запарожцы”, “Радзіны”, “Хрэсьбіны”).
У гурце бяруць удзел жанчыны рознага ўзросту і прафесіі. Свае строі ўдзельніцы шылі і расшывалі самі, арнаменты паўтаралі са старых вышыванак.
Гурт “Бабіна лета” супрацоўнічае з мясцовым аўтаклубам і аб’ездзіў з канцэртамі ўсю Пружаншчыну, шмат удзельнічаў у абласных конкурсах, неаднаразова быў запрошаны з выступамі ў Польшчу, а таксама з’яўляўся ўдзельнікам фестывалю традыцыйнай музыкі “Rajok” (Мінск, 2019), фестывалю вясельных традыцый “Вяселле фэст”.
Песні гурта ўвайшлі ў шасцітомнае выданне «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» і ў энцыклапедыю «Беларускі фальклор».
Мясцовы абрад “Каравай” запісаны на нацыянальным тэлебачанні (1998 г.).