Гурт “ASTROŪNA”

Гурт ASTROŪNA аб’яднаў людзей, закаханых у беларускую традыцыйную музыку. ASTROŪNA выконвае архаічныя беларускія песні ў традыцыйнай манеры — акапэльна і пад акампанемент старажытных інструментаў, сярод якіх ліра, дуда, цымбалы, акарыны, дудкі-спарышы і іншыя.

“Калектыў, які быў створаны ў гарадскіх умовах, адчувае і хоча перадаць натхненне ад традыцыйнага голаснага спеву. Мы не пераймалі спеваў ад матуль і бабуль, як гэта натуральным чынам адбывалася ў вясковым асяроддзі раней, але аднойчы пачуўшы такі спеў, закахаліся ў яго і захапляемся з кожным днём усё больш. А традыцыйныя беларускія інструменты афарбоўваюць нашыя спевы разнакаляровымі адценнямі, ствараючыне адметнае гучанне.

Многія песні запісаны ўдзельнікамі гурта ў фальклорных экспедыцыях, якія з’яўляюцца нашай школай майстэрства, вялікім захапленнем і крыніцай натхнення. Сёння, калі каляндарныя і сямейныя абрады паступова адыходзяць у гісторыю, даўняя музыка, што суправаджала і агучвала іх, застаецца для нас казачным, чароўным і неверагодна прыцягальным светам, вобраз якога мы імкнёмся захаваць.”

Удзельнікі гурта: Ганна Сілівончык, Паліна Курановіч, Кацярына Аракчэева, Яраш Малішэўскі.

У дыскаграфіі гурта два альбомы — Веснавы і Калядны.

Калектыў імкнецца прэзентаваць беларускую традыцыйную музыку і спевы таксама праз сучасныя візуальныя сродкі, стварэнне яскравых відэакліпаў, якія можна паглядзець на канале ў YouTube.

Tradycyja