Фальклорная студыя падляшскіх беларусаў Жэмэрва дзейнічае з 2003 года. Ад самага заснавання асноўным рэпертуарам былі песні, запісаныя ў беларускіх вёсках Падляшша і Палесся. Гэта творы заснаваныя на абрадавым гадавым цыкле — калядкі, рагулькі, агулькі, жніўныя і застольныя песні. З часам да рэпертуару дадаліся традыцыйныя танцы запісаныя ад падляшскіх музыкаў. З 2009 года гурт вучыцца ігры на традыцыйных інструментах: скрыпцы, цымбалах i дудзе. Для гэтай групы маладых людзей вуліцы вёсак і мястэчак — натуральная сцэна, дзе iх сустракаюць мясцовыя людзi. Адначасова гурт выступае на шматлікіх прэстыжных фестывалях у Польшчы, Беларусі, Чэхіі, Літве. Музычны кіраўнік гурта – Ганна Фiёнік. Развіццём займаецца Дарафей Фіёнік. Гурт працуе пры Музеі Mалой Айчыны ў Студзіводах.