Фільмы

Цыкл "Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі"

Вёска Боркі.
Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі. Выпуск 1.

Ульяна Пятроўна Віннік нарадзілася ў 1945 г. у вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна, больш за сорак год працавала ў вёсцы Боркі, дзе і жыве цяпер. Дом Ульяны Пятроўны — сапраўдная скарбонка. Стаў (ткацкі станок), ручнікі, тканыя посцілкі ды паясы — усё зроблена таленавітай майстрыхай.

Вёска Раздзялавічы.
Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі. Выпуск 2.

Завіталі ў вёску Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, што размешчана сярод балотаў. Сустрэліся з народным аўтэнтычным гуртом «Завіца», які ўвабраў у сябе культурную спадчыну сваёй вёскі, захаваўшы мясцовы старажытны выканальніцкі стыль. Пагутарылі аб лёсе жанчыны і пабачылі розныя спосабы завязвання хустак.

Вёска Люсіна.
Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі. Выпуск 3.

Завіталі ў вёску Люсіна, у якой настаўнічаў малады Якуб Колас і пра якую напісаў потым аповесць «У палескай глушы». Пагутарылі аб вобразе маладзіцы, зафіксавалі спосаб завівання наміткі і даведаліся гісторыю традыцыйных палатняных торбачак.

Вёска Хатынічы.
Вандроўкі па Ганцавіцкім Палессі. Выпуск 4.

Вёска Хатынічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці — месца, дзе да гэтага часу захавалася і жыве традыцыйная культура. Пагутарылі з гуртом “Хатовічы” пра тое, якая спадніца лічылася самай прыгожай, дзе яшчэ выкарыстоўваліся паясы. Вучымся завіваць намітку.

Галаўныя ўборы Любанскага раёна

Наміткі Любанскага раёна. Спосабы завівання

Адметнай часткай народнага строя з’яўляюцца галаўныя ўборы. Адным з найбольш архаічных лічыцца намітка – жаночы галаўны ўбор ручніковага тыпу. У кожнай мясцовасці былі свае асаблівасці завівання. Толькі ў Любанскім раёне вядома больш за дзесяць спосабаў. Сяргей Выскварка, даследчык традыцыйнай культуры Любаншчыны, паказаў нам некалькі з іх.

Хусткі Любанскага раёна. Спосабы завязвання

Шаліноўка, тарыноўка, газоўка, канаплянка, абхінанка і г.д. – гэта ўсё назвы хустак. Мы даведаліся ў Сяргея Выскваркі, знаўцы традыцыйнай культуры, пра розныя спосабы завязвання і захоўвання хустак, пра семантыку асобных элементаў і эвалюцыю жаночых галаўных убораў.

Беларусы насілі не толькі лапці. Вёска Вайцяшын Бярозаўскага раёна.

Музей у вёсцы Вайцяшын – сапраўдная скарбонка Бярозаўскага раёна. Там ёсць усё: ад прадметаў побыту да вялікіх збораў традыцыйнага адзення. Пагутарылі аб мінулым жыцці вёскі з Лідзіяй Рудзьман – неверагоднай краязнаўцай і захавальніцай культурнай спадчыны.

Tradycyja