Традыцыйны строй / Кобрынскі строй
Кобрынскі строй
Строй бытаваў у канцы XIX – пачатку XX стагоддзя на Заходнім Палессі, у межах цяперашніх Кобрынскага, Жабінскага і паўночнай часткі Маларыцкага раёнаў Брэсцкай вобласці. Адзін з самых архаічных строяў на Беларусі.
Элементы традыцыйнага адзення, крою і дэкору працяглы час захоўваліся нязменнымі праз ізаляванасць рэгіёна дзякуючы балоцістай мясцовасці. Нягледзячы на аднатыпнасць прадметаў адзення, строй адзначаўся шырокай разнастайнасцю. Асобныя часткі касцюма нават у суседніх вёсках мелі выразныя адметнасці і розніліся назвамі. Кобрынскі строй вылучаецца віртуознай распрацоўкай арнаменту на жаночым адзенні. Адзенне падперазалася паясамі, мужчыны насілі паясы шырэйшыя за жаночыя, звычайна па 3 – 3,5 см. Жанчыны насілі паясы па 1,5 – 2 см
Мужчынскі святочны строй
Кра́йка
Тканы падоўжана-паласаты пояс з кутасікамі
па канцах, сатканы з сучасных ваўняных нітак.
Мужчыны насілі паясы шырэйшыя за жаночыя,
звычайна па 3 – 3,5 см., у дадзеным выпадку 6 см.
Пояс двойчы абвівае стан, завязваецца на 2 вузлы
без банта.
Паказаны спосаб завязвання
для жанатага мужчыны – з правага боку
Саро́чка
Прамая тунікападобнага крою, без палікоў і бакавых клінападобных
уставак. Пашытая з даматканага ільнянога палатна.
Кашуля вышытая на каўнеры і манішцы чырвонымі
шаўковымі ніткамі ў тэхніцы лікавай гладзі
Камізэ́лька
Мужчынскае плечавое безрукаўнае адзенне. Пашыта з фабрычнай
ваўнянай тканіны шэрага колеру, падкладка – адбеленае ільняное
палатно хатняга вырабу. Зашпільваецца пасярэдзіне на адзін рад
металічных гузікаў. Ззаду мае хлясцікшоўк, ткацтва, фабрычная вытворчасць
Нагаві́цы (штаны, брукі)
Мужчынскае паясное адзенне. Пашыты з фабрычнай
ваўнянай тканіны цёмна-шэрага колеру
Бо́ты
Cкураны абутак з высокімі халявамі да калена
Ша́пка
Галаўны ўбор, абавязковая частка мужчынскага строю. Пашытая з чорнага
сукна фабрычнага вырабу, падкладка – баваўняная тканіна.
Складаецца з 8 кліноў, гузіка зверху і казырка спераду
Паказаны мужчынскі святочны строй уключае белую ільняную сарочку прамога тунікападобнага крою, без палікоў і бакавых клінападобных уставак. Сарочка выраблена з даматканага палатна. Каўнер і манішка ўпрыгожаны вышыўкай чырвонымі шаўковымі ніткамі ў тэхніцы лікавай гладзі. На сарочку апраналася шэрая ваўняная камізэлька з фабрычнай тканіны, якая мае падкладку з адбеленага ільнянога палатна хатняга вырабу. Камізэлька зашпільваецца пасярэдзіне на рад металёвых гузікаў, ззаду мае хлясцік. Сарочку падперазалі «кра́йкай» – тканым падоўжана-паласатым поясам з кутасікамі на канцах, сатканым з ваўняных нітак. На паказаным строі пояс шырынёй 6 см, ён двойчы абвівае стан і завязваецца на два вузлы без банта. Паказаны спосаб завязвання для жанатага мужчыны – з правага боку. Ніжэй за пояс нагавіцы (або штаны, бру́кі) з фабрычнай ваўнянай тканіны цёмна-шэрага колеру. Мужчынскі строй абавязкова ўключае галаўны ўбор – шапку. На паказаным строі шапка пашыта з чорнага сукна фабрычнага вырабу, мае падкладку з баваўнянай тканіны. Складаецца з 8 кліноў, гузіка зверху і казырка спераду. На нагах чорныя скураныя боты з высокімі халявамі да калена.
Летні дзявочы строй
Саро́чка-макентуха
З прамымі палікамі “устаўкамі”, вышыўка крыжом. Простая прарэха спераду
без упрыгожвання. “Манкеты” – цальнакройныя з рукавом звонкападобныя манжэты.
“Макентуха” – сарочка з рукавамі з “манкетамі”. “Нашыванне кажушковэ” –
тэхніка старажытнага шыцця наборам (разнавіднасць папярочнага процяга,
пры якой шчыльна пакладзеныя адзін да аднаго шыўкі чырвонай ніткі амаль цалкам
засцілаюць поле бардзюра, а арнамент выяшляецца тонкімі фонавымі
прагалінамі белага палатна)
Палатня́нык / палатне́нык
Летняя спадніца, карацейшая за андарак.
Пашытая з чатырох полак. Саткана з ільняных і
баваўняных нітак, затканая папярочнымі бела-шэрымі
ўзорыстамі палоскамі зверху і чырвонымі палоскамі,
шырыня якіх пашыраецца да нізу
Фарту́х
(“Хварту́х” (в. Балоты), “зату́лка” (в. Хабовічы))
Двухполкавы, унізе полкі злучнаны плеценым швом.
Вышыўка баваўнянымі ніткамі чырвонага і чорнага колеру
ў тэхніцы падоўжанага (прадольнага) процягу. “Мярэжанне” –
ажурная прошва, выкананная белымі ніткамі. Злучае полкі фартуха
Чараві́кі
Скураны абутак мануфактурнай работы. Абцасы ў выглядзе
румачкі, невысокія халяўкі шнуруюцца спераду
Кра́йка
Тканы падоўжана-паласаты пояс з кутасікамі па канцах,
сатканы з аўтэнтычных самапрадзеных ваўняных нітак
хатняга фарбавання. Жанчыны насілі паясы вузейшыя
за мужчынскія, па 1,5-2 см, у дадзеным выпадку 2 см.
Пояс двойчы абвівае стан, завязваецца на 2 вузлы без
банта. Паказаны спосаб завязвання для незамужняй
дзяўчыны – з левага боку
Летні дзявочы строй мае белую сарочку-манкету́ху, упрыгожаную вышыўкай крыжам. «Манкету́ха» – сарочка з рукавамі з «манкетамі», «манкеты» – цальнакройныя з рукавом звонкападобныя манжэты. У сарочцы простая прарэха спераду без упрыгожвання. Ужыта «нашыванне кажушковэ» – тэхніка старажытнага шыцця наборам, разнавіднасць папярочнага процягу, пры якой шчыльна пакладзеныя адзін да аднаго шыўкі чырвонай ніткі амаль цалкам засцілаюць поле бардзюра, а арнамент выяўляецца тонкімі фонавымі прагалінамі белага палатна. Вышыўкай упрыгожаны манжэты, верх рукавоў, каўнер. Спераду двухполкавы фартух (мясцовыя назвы хвартух, зату́лка), унізе полкі злучаны плеценым швом. Фартух упрыгожаны вышыўкай баваўнянымі ніткамі чырвонага і чорнага колераў у тэхніцы падоўжанага (прадольнага) процягу. «Мярэжанне» – ажурная прошва, выкананая белымі ніткамі, злучае полкі фартуха. Строй уключае палатня́нык (палатне́нык) – летнюю спадніцу, сатканую з ільняных і баваўняных нітак, карацейшую за андарак. Спадніца пашыта з чатырох полак, заткана папярочнымі бела-шэрымі ўзорыстымі палоскамі зверху і чырвонымі палоскамі, якія пашыраюцца да нізу. Адзенне падперазалі «крайкай» з кутасікамі на канцах, сатканай з аўтэнтычных самапрадзеных ваўняных нітак хатняга фарбавання, на паказаным строі пояс шырынёй 2 см. Пояс двойчы абвівае стан, завязваецца на два вузлы без банта, паказаны спосаб завязвання для незамужняй дзяўчыны – з левага боку. Шыя ўпрыгожана пацеркамі, на косах чырвоныя стужкі, ёсць завушніцы. На нагах чорныя скураныя чаравікі мануфактурнай работы, невысокія халяўкі шнуруюцца спераду, абцасы выкананы ў выглядзе румачкі.
Зімовы святочны строй замужняй жанчыны
Лату́ха
Верхняе адзенне, суконная світа з прывалянай авечай воўны хатняга вырабу.
Пашытая з прамакутных і трохкутных дэталяў, уяўляе сабой выдатны прыклад
рацыянальнага расходу матэрыяла. Мае архаічны пакрой “з вусамі” – ушытымі
ў бакі клінамі, якія значна пашыраюць адзежыну ў клубах і надаюць касцюму
выразны сілуэт. Верх кліноў знутры ўмацаваны дадатковым кавалкам сукна,
зверху і знізу па рэбры шва абшыты тканінай і ўпрыгожаны пумпончыкамі
з ваўняных нітак хатняга прадзення, пафарбаваныя ў розныя колеры. Без
зашпількі, падпярэзвалася паясом-крайкай
Кра́йка
Пояс з каляровых падоўжаных палос, сатканы з ваўняных
нітак хатняга прадзення. Шырыня – 3,5 см
Зімовы святочны строй замужняй жанчыны вызначаецца лату́хай – верхнім адзеннем, суконнай світай з прывалянай авечай воўны хатняга вырабу. Латуха пашыта з прамавугольных і трохвугольных дэталей, ёсць прыкладам разважлівага расходу матэрыялу. Мае архаічны пакрой «з вусамі» – ушытымі ў бакі клінамі, якія значна пашыраюць гэту вопратку ў клубах і надаюць касцюму выразны сілуэт. Верх кліноў знутры ўмацаваны дадатковым кавалкам сукна, зверху і знізу па рэбры шва абшыты тканінай і ўпрыгожаны пампончыкамі з ваўняных нітак хатняга прадзення, якія пафарбаваны ў розныя колеры. Латуха без зашпількі, падперазалася поясам-крайкай, на паказаным строі крайка мае шырыню 3,5 см.
Святочны строй замужняй жанчыны
Пла́т (на́мітка)
Галаўны ўбор замужняй жанчыны. Галаўны ўбор рушніковага тыпу –
прамакутны кавалак тонкага (кужэльнага) ільнянога палатна ў адную
полку даўжынёй 3,5 м. Дадзены плат пашыты з даматканага льну,
вышыты шаўковымі чорнымі і чырвонымі ніткамі. Менавіта на
Кобрыншчыне зафіксавана найбольшая колькасць спосабаў нашэння
галаўнога ўбору. Паводле спосабу завівання плата можна было
даведацца пра месца жыхарства жанчыны. Спосаб завівання плата,
які бытаваў ў в. Руховічы Кобрынскага раёна. Плат завіваецца паверх
сеткавага чапца, які пакрывае ўсе валасы і замацоўвае прычоску з іх –
вузел на патыліцы
Саро́чка-падо́ўжніца
З прамымі палікамі “устаўкамі”. “Падо́ўжніца” – сарочка, арнаментаваная
на рукавах вертыкальнымі палосамі. Пашытая з даматканага ільнянога палатна.
Вышыўка баваўнянымі ніткамі ў тэхніцы прадольнага процяга
Андара́к
Зімовае паясное адзенне – доўгая спадніца, сатканая з ваўняных
нітак хатняга вырабу, у якой пераважае чырвоны колер. Сатканы з
4 полак палатна ў падоўжаныя (вертыкальныя) палоскі жоўтага,
зялёнага, фіялетавага, белага колераў. Паласатасць атрымоўваецца
за кошт розных колераў нітак асновы, ператыканых уточнай ніткай
чырвонага колеру. Знізу падшыты грубым ільняным палатном жоўтага
колеру, які выконвае дэкаратыўную функцыю і бароніць падол ад
механічнага выцірання
Фарту́х
(“Хварту́х” (в. Балоты), “зату́лка” (в. Хабовічы))
Аднаполкавы, вышыты ў тэхніцы папярочнага процяга баваўнянымі ніткамі.
7 палосак арнаменту размешчаны гарызантальна. Пашыты з даматканага
ільнянога палатна. Асаблівасць кобрынскіх фартухоў – вышыўка на поясе па цэнтры
Чараві́кі
Cкураны абутак на абцасах у выглядзе румачкі,
высокія халяўкі якіх зашнураваныя спераду
Кра́йка
Тканы падоўжана-паласаты пояс з кутасікамі па канцах,
сатканы з сучасных ваўняных нітак. Жанчыны насілі паясы
вузейшыя за мужчынскія, па 1,5-2 см., у дадзеным выпадку
3,5 см. Пояс двойчы абвівае стан, завязваецца на 2 вузлы
без банта. Паказаны спосаб завязвання для замужняй жанчыны –
з правага боку
Святочны строй замужняй жанчыны ўключае сарочку-падо́ўжніцу з прамымі палікамі «ўстаўкамі», пашытую з даматканага ільнянога палатна. Падоўжніца – сарочка, арнаментавана на рукавах вертыкальнымі палосамі. Вышыўка на сарочцы выканана баваўнянымі ніткамі ў тэхніцы прадольнага процягу. Спераду белы аднаполкавы фартух з даматканага ільнянога палатна, вышыты ў тэхніцы папярочнага процягу баваўнянымі ніткамі. Упрыгожаны сямю палоскамі арнаменту, якія размешчаны гарызантальна. Асаблівасцю кобрынскіх фартухоў ёсць вышыўка на цэнтры пояса. Строй мае андарак, зімовае паясное адзенне ў выглядзе доўгай спадніцы, сатканай з ваўняных нітак хатняга вырабу, пераважае чырвоны колер. Андарак сатканы з чатырох полак палатна ў падоўжаныя (вертыкальныя) палоскі жоўтага, зялёнага, фіялетавага і белага колераў. Паласатасць атрымоўваецца праз розныя колеры нітак асновы, якія ператканы ўточнай ніткай чырвонага колеру. Знізу андарак падшыты грубым ільняным палатном жоўтага колеру дзеля дэкаратыўнай функцыі і абароны падолу ад механічнага выцірання. Адзенне падперазалі «крайкай» з кутасікамі на канцах, сатканай з сучасных ваўняных нітак, мае шырыню 3,5 см. Пояс двойчы абвівае стан, завязваецца на два вузлы без банта, на паказаным строі спосаб завязвання для замужняй жанчыны – з правага боку. На галаве плат (намітка). Гэта галаўны ўбор замужняй жанчыны, рушніковага тыпу – прамавугольны кавалак тонкага (кужэльнага) ільнянога палатна ў адну полку даўжынёй 3,5 м. Паказаны плат пашыты з даматканага палатна, з вышыўкай шаўковымі чорнымі і чырвонымі ніткамі. Паводле спосабу завівання плата можна было даведацца пра месца жыхарства жанчыны. На Кобрыншчыне зафіксавана найбольшая колькасць спосабаў нашэння галаўнога ўбору. На паказаным строі выкарыстаны спосаб завівання плата, які бытаваў у вёсцы Руховічы Кобрынскага раёна. У гэтым спосабе плат завіваецца паверх сеткавага чапца, які пакрывае ўсе валасы і замацоўвае з іх прычоску – вузел на патыліцы. Шыя ўпрыгожана пацеркамі. На нагах чорныя скураныя чаравікі, невысокія халяўкі шнуруюцца спераду, абцасы выкананы ў выглядзе румачкі.
Матэрыял створаны сумесна з Аляксандрай Мятлеўскай.