Марачанскі строй

Строй бытаваў у канцы XIX – пачатку XX стагоддзя на памежжы Цэнтральнай Беларусі і Усходняга Палесся, на тэрыторыі цяперашняга Клецкага раёна Мінскай вобласці, у вёсках Морач і Колкі

Дзявочы строй

“Ко́шык” (прычоска)
Па́церкі
Руба́шка

Спадні́ца-“збіра́нка”

Фарту́х
Баці́нкі
Шкарпэ́ткі

Паказаны дзявочы строй уключае шаўковую ружовую «рубашку» (кашулю) з крамнай тканіны ў кветачкі. У аснове выкрайкі квадрат. Рубашка мае каўнер-стойку, які ў пасляваенныя часы будзе заменены на прамы адкладны каўнерык. Рубашка аздоблена гарызантальныя «зашчэпамі», стужкамі і карункамі. Ніз рукавоў аздоблены стужкамі па прынцыпе люстэрка, сярэдняя стужка вылучана колерам, рукавы зашпільваліся гузікамі. Спераду светла-блакітны фартух з крамнай паркалёвай і штучнай шоўкавай тканіны, на завязках. Ніз фартуха аздоблены фальбонкай з тканіны, таксама на фартух нашывалі «шлягі» рознакаляровымі стужкамі. Звычайна мясцовы фартух мае сем стужак, сярэдняя вылучалася колерам і шырынёй. Строй мае спадніцу-збіранку з крамнай тканіны аранжавага колеру, але традыцыйна ў мясцовасці пераважаюць спадніцы «вішнёвага колеру». Матэрыялам спадніцы выступаюць паркаль, бязь і воўна. Даўжыня спадніцы – далонь за калена. Ёсць пояс на завязках. Падбіўка, прашытая на ўсю даўжыню тканіна знізу з адваротнага боку, дазваляе трымаць форму спадніцы. Як і фартух, спадніца аздоблена «шлягамі» – сямю стужкамі, сярэдняя з якіх вылучаецца колерам і шырынёй, астатнія нашыты ў люстэркавым парадку ад цэнтральнай. Спадніца фактурная, у моршчыкі. На галаве святочная марачанская прычоска незамужніх дзяўчат «кошык», якая ёсць перакрыжаванымі ззаду і спераду косамі з «уплетнікамі» (вяровачкамі), прыткнутымі спераду кругавым грэбенем. Грэбень пакрыты ружовай стужкай, якая замацоўваецца ззаду, на стужцы пацеркі. Спераду з двух бакоў прычоскі дастаны кароценькія пасмачкі, падкручаныя нагрэтым над свечкай цвіком. Шыя ўпрыгожана пацеркамі. На нагах гумовыя боты на шнуроўцы, абутыя паверх белых шкарпэтак. Комплекс адзення меў назву «ў шлягі» (казалі «адзецца ў шлягі»).

Вясельны строй

Руба́шка
Спадні́ца
Фарту́х
Каба́т
Каро́на
Стужка на шыю
Па́церкі
Шкарпэ́ткі
Баці́нкі

Вясельны касцюм маладой адпавядаў паўсядзённаму касцюму, але ў белым колеры. Паказаны вясельны строй уключае белую «рубашку» (кашулю) з прамым адкладным каўнерыкам, аздобленую гарызантальнымі зашчэпамі. Матэрыяламі выступаюць паркаль і штучны шоўк з выбітымі кветачкамі. На рубашку апрануты кароценькі белы кабат з крамнай паркалёвай тканіны, на завязках. Спераду белы фартух на завязках, з крамнай паркалёвай і штучнай шаўковай тканіны. Знізу фартух аздоблены карункамі. Замест традыцыйных сямі каляровых стужак на вясельным фартуху сем зашчэпаў. Строй мае белую спадніцу з крамнай тканіны ў буйныя складкі, апроч колеру спадніца адпавядае дзявочай. Замест сямі каляровых стужак спадніца аздоблена зашчэпамі. Галава ўпрыгожана «каронай» – вяночкам з вашчоных рознакаляровых кветачак у форме кароны, да вяночка прышыты вэлюм з тонкай белай тканіны даўжынёй да краю спадніцы. Шыя ўпрыгожана чырвонай стужкай, навязанай спераду пад каўнер. На чырвоную стужку нашывалася няцотная колькасць рознакаляровых стужак даўжынёй да краю спадніцы. Таксама шыя ўпрыгожана пацеркамі. На нагах бацінкі на шнуроўцы, з якіх абавязкова павінны былі выглядаць белыя шкарпэткі.

Жаночы строй

Ша́пачка (пад ёй “тканка”, на якую наматвалі валасы)
Руба́шка
Каба́т

Фарту́х

Па́церкі
Спадні́ца-“збіра́нка”
Ху́стка
Гумо́ўцы
Марачанскі жаночы строй уключае светла-ружовую «рубашку» (кашулю), якая паводле выканання адпавядае рубашцы з дзявочага строю, але на рукавах няма каляровых стужак. На рубашку апрануты кароткі кабат (гарсэт) зялёнага колеру, аздоблены рознакаляровымі стужкамі. Спераду жоўты фартух, аздоблены традыцыйнымі сямю каляровымі стужкамі. Ніз фартуха аздобленым крамнымі карункамі. Традыцыйна ў мясцовым жаночым касцюме пераважаў фартух менавіта жоўтага колеру. Строй мае спадніцу-збіранку, якая адпавядае спадніцы з дзявочага строю. На галаве «тканка» – невялікі бублік з тканіны, на які наматаны валасы. Паверх тканкі шапачка, якую пакрывае хустка, завязаная над барадой. Шыю ўпрыгожвалі пацеркамі. На нагах гумовыя боцікі «гумоўцы», абутыя на белыя шкарпэткі.

Матэрыял створаны пры ўдзеле Вольгі Пілецкай і Галіны Яраш

Tradycyja