АБРАД "ШЧАДРЭЦ" у вёсцы Восава

Шчодры вечар або Шчадрэц на Палессі ў ноч з 13 на 14 студзеня — гэта калядны карнавал з мноствам разнастайных масак, сярод якіх Каза – сімвал плоднасці, дастатку, Дзед і Баба — продкі, а Мядзведзь — прабацька роду чалавечага, Бусел або Журавель — птушка, што звязвае чалавека з тым светам, цыганы — першапасяленцы Еўропы. Ёсць яшчэ маска Сарокі (прыносіць радасную вестку), Зайца (які жадае гаспадарам быць рухавымі, здаровымі). Некалі вадзілі Быка, была маска Воўка (на беларуска-ўкраінскім памежжы Брэстчыны), нават пудзіла качкі насілі кобрынскія шчадроўнікі.

У калядным абрадзе  “Шчадрэц” з вёскі Восава Салігорскага раёна Мінскай вобласці выкарыстоўваюцца маскі Дзеда і Бабы, пудзіла Казы на драўляных ножках (такая Каза толькі тут), Жураўля з драўлянай галавой, Каня (яго галава таксама ў выглядзе драўлянай цацкі з дугой, Цыгана і Цыганкі з дзіцём.

Маска Дзеда ў Восава — адзіная ў Беларусі, вырабленая з бяросты па тыпу туяска — у два слоі бяросты бежавым бокам зверху. Ад старэйшага захавальніка традыцыі навучыўся вырабляць такія маскі мясцовы настаўнік і зараз ходзіць за Дзеда. Вёска знаходзіцца на беразе Чырвонага возера, а на другім баку я яшчэ застала ў 90-я гады 20 ст. у вёсцы Дзякавічы берасцяную маску Казы, толькі яна была плоская і вырабленая белым бокам. Такія маскі на той час захаваліся толькі тут.

Вёска Восава Салігорскага раёна, абрад “Шчадрэц”.

Тэкст: Рэгіна Гамзовіч
Фота: Альфрэд Мікус

Tradycyja