Кола беларускіх абрадаў / Каляндарныя абрады / Зімовыя абрады / Абрад “Цягнуць каляду на дуба”
АБРАД "ЦЯГНУЦЬ КАЛЯДУ НА ДУБА"
Абрад “Каляду на дуба” (мае статус НКС) некалі быў шырока распаўсюджаны ў Бярэзінскім раёне, захаваўся са старажытных часоў дагэтуль у вёсцы Новіны і праводзіцца 21 студзеня, завяршаючы перыяд калядных свят.
Увечары 20 студзеня дамаўляюцца, у чыёй хаце будуць праводзіць Каляды, хто якія стравы гатуе, а каторай гадзіне збіраюцца.
21 студзеня раніцай збіраюцца і ўпрыгожваюць куль саломы ад зажыначнага снапка, які заўсёды захоўваўся і прыносіўся ў хату перад першай каляднай куццёй і стаяў у чырвоным куце ўсё свята.
З гэтага куля рабілі абрадавую ляльку, якую апраналі ў жаночае адзенне: спадніцу, кофту, фартух, хустку. Звараную ў чыгунку або гліняным гаршку куццю ставілі на сена ў рэшата, бралі старое кола ад воза або барану і везлі на санях або на саначках да дуба, які адзінока стаяў у полі або ў канцы сяла. Старое кола і саламяную ляльку, калі яны захаваліся з мінулага года, скідалі з дуба і падпальвалі, а на дуб усцягвалі новую ляльку ў жаночай іпастасі, кола або барану і куццю. Спявалі абрадавыя песні, вадзілі карагод вакол дуба, а потым пілі гарэлку, закусвалі пад дубам і ішлі да месца збору, дзе святкавалі заканчэнне каляднага цыкла свят. Танцавалі, спявалі, гулялі. Гэтак жа абрад спраўляюць і цяпер.