Кола беларускіх абрадаў / Каляндарныя абрады / Зімовыя абрады / Вадохрышча
Вадохрышча
Завяршаюцца Каляды святам Вадохрышча. Традыцыя акунацца ў палонку ў наш час добра ўпісалася ў гарадское асяроддзе. А паходзіць яна ад таго, што ўдзельнікі калядных абыходаў змывалі з сябе ў праточнай вадзе грэх маскіравання, а праз маскі — судакрананне са светам памерлых, душы якіх гэтыя маскі сімвалізавалі. Маскі і адзенне пры травесційных пераапрананнях (у адзенне супрацьлеглага полу) ачышчалі, пырскаючы на іх хрышчэнскай вадой (а раней спальвалі). Ваду з палонкі перад гэтым набіралі і захоўвалі цэлы год, выкарыстоўваючы як лекавы сродак пры хваробах, для асвячэння ў розных сітуацыях. І цяпер яшчэ можна ўбачыць ля вясковых крыніц ледзяныя крыжы, аблітыя бураковым сокам, а таксама людзей, якія прыязджаюць за святой хрышчэнскай (вадохрышчанскай) вадой, а ў гарадах доўгія чэргі ля храмаў за ёю.