Абрад “Пахаванне Дзеда і Бабы”
на Масленіцу

Абрадавае дзеянне тлумачыць вельмі архаічныя карані свята Масленіцы. Усім вядомыя еўрапейскія карнавалы, якія ў Сярэднія вякі ўяўлялі сабой шэсці, калі па вуліцах вазілі на вялікай павозцы ляльку мужчынскай іпастасі з выразнымі прыкметамі палавой прыналежнасці — так званы Дзед-Карнавал. Гэтае пудзіла і сама дзея абазначалі дастатак, багацце, сімвалізавалі плоднасць і весялосць. Перад велікодным постам людзі наядаліся да абжорства, весяліліся, пад прыкрыццём масак дазвалялі сабе вольнасці ды распусту. Само слова “карнавал”  азначае павозку, карабель на калёсах, на якім вязуць гэтае пудзіла. Пазней яго сталі тлумачыць як “развітанне з мясам” перад постам.

Дык хто ж такія Дзед і Баба ў Гарадоцкім раёне і навошта іх прадстаўляюць у выглядзе пудзілаў у рост чалавека? А гэта сімвалы нашых продкаў, якія былі здаровымі, плоднымі, працавітымі, доўга жылі, мелі шмат дзяцей і ўмелі радавацца жыццю. У першы дзень Масленіцы на вёсцы паведамляюць: “Памёр дзед Сідорка, прыходзьце развітацца”. Яго кладуць на кут і ўсё робяць так, быццам у хаце сапраўдны нябожчык: Запальваюць свечку, на падаконнік ставяць шклянку з вадою, на кут кладуць бохан хлеба, галосяць па Дзеду, расказваюць пра яго жыццё, шкадуюць, а калі хто заходзіць у хату, то адразу даюць яму пэўную ролю, якую ён павінен іграць у гэтай гульні (унук або ўнучка, пляменнік, каханка, дачка ці сын). Падчас гэтай гульні прыходзіць Лекар або Фельчарка — слухаюць, ці дыхае, мацаюць, што ў яго балела і ад чаго памёр. Плакальшчыцы расказваюць, што “Дзед касцёй падавіўся ў Мясаед”. А Баба злякнулася і ляжыць хворая — таксама, мабыць, памрэ. І сапраўды, праз тыдзень такім жа чынам будуць хаваць Бабу — яна сырніцай падавіцца на Масленіцу. Затым прыходзіць Поп з кадзілам і “адпявае нябожчыка”. Бывае і такі персанаж, як Дзяк. Усе як бы галосяць, але схаваўшы твары, смяюцца. Дык вось гэтыя лялькі — Дзеда ў першы панядзелак, а Бабу ў панядзелак пасля Масленіцы праз тыдзень — вязуць на саначках у канец сяла і “хаваюць” (закопваюць у снег) на ўскрайку поля, каб яны перадалі сваю плоднасць зямлі, а зямля дала багаты ўраджай.

Рэканструкцыя масленічнага абраду «Пахаванне Дзеда» 13 сакавіка 2021 года ў беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах пад Мінскам.

Аўтарка тэкста: Рэгіна Гамзовіч
Аўтар фота: Альфрэд Мікус 

Tradycyja