Кола беларускіх абрадаў / Каляндарныя абрады / Веснавыя абрады / “Валачобнікі” – абрад на Вялікдзень
“Валачобнікі” – абрад на Вялікдзень
Вёска Запруддзе, Глыбоцкі раён
Валачобны абрад некалі быў этнічнай адметнасцю беларусаў. Сумесна праводзяць гэты абрад фальклорны калектыў для дзяцей «Весялуха» і фальклорны калектыў для дарослых «Прасніца» на базе Запрудскага Дома фальклору, што месціцца ў вёсцы Запруддзе Глыбоцкага раёна.
На Вялікдзень дзеці разам з дарослымі ладзяць велікодны абрад «Валачобнікі» – гэта абход двароў гуртам дзяцей з выкананнем валачобных песень.
Валачобнікі, прыбраўшыся ў народныя строі, выходзяць з мясцовага сельскага Дома фальклору з песняй “Святы Вялікдзень”, каб аднавяскоўцы іх пачулі і пачалі рыхтавацца да радаснай сустрэчы. Зайшоўшы ў двор, дзеці-валачобнікі пытаюцца ў гаспадароў дазволу павіншаваць са святам. Атрымаўшы дазвол, выконваюць велікодныя песні і віншуюць з Вялікаднем. Валачобнікі ідуць з вялікімі кошыкамі, у якія збіраюць дарункі ад тых, каго наведалі.
Акрамя абрадавых песень з народнага фальклору, гаспадары выслухоўвалі шчырыя віншаванні з пажаданнямі здароўя, дабрабыту, асабістага і сямейнага шчасця. З асаблівай радасцю чакаюць і сустракаюць дзяцей-валачобнікаў людзі старэйшага пакалення.