Абрад "Страла" ў Валосавічах

Абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” на Ушэсце ў вёсцы Валосавічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Здымкі адбываліся 6 мая 2021 года, у іх бралі ўдзел удзельніцы фальклорна-этнаграфічнага гурта “Дубравіца” пад кіраўніцтвам Ганны Мікалаеўны Бурак і вучні Рычоўскай сярэдняй школы.

Раней усю вясну ад Вялікадня да Ушэсця жанчыны і дзеўкі на Усходнім Палессі вадзілі стрэльныя карагоды. Стралой называюць лінейны карагод, у які, узяўшыся пад рукі, становяцца жанчыны, перагарадзіўшы вуліцу, рухаючыся наперад і спяваючы асноўную абрадавую песню, якая дала назву абраду: “Ой, ты ляці, страла, дый удоль сяла! Ой лі, ой люлі, дый удоль сяла (паўтараецца пасля кожнага радка).

На Ушэсце на саракавы дзень пасля Вялікадня ў чацвер стралу хавалі — заканчваўся веснавы перыяд. Абрад пахаваня стралы захоўваюць жыхары вёскі Валосавічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці як сямейную традыцыю Карнеенка Марыі Васільеўны. Чатыры яе дачкі — Надзея, Марыя, Галіна, Таццяна і клубныя работнікі, мясцовыя спявачкі і музыканты штогод праводзяць гэты абрад з цікавымі лакальнымі адметнасцямі. У стрэльнай песні валосавіцкіх спявачак ёсць такія радкі:“Ой, не бі, страла, добра моладца, а убі, страла, чорнага ворана…” Гэта адзіная песня на тэрыторыі захоўвання абраду, прысвечаная добраму молайцу, які можа загінуць. У іншых вёсках спявалі “Ты убі, страла, добрага молайца”. Вобраз чорнага ворана звязаны з ворагам-чужынцам. На скрыжаваннях у Валосавічах водзяць крывыя танкі – па кругу, які затым дзеліцца на некалькі кругоў (сонца “гуляе”) і змейкай. Змест тэкстаў прысвечаны дзявочым марам пра шлюб, жаночай долі.
Карагод “Ой, брусся новае, ой асяновае” апавядае пра тое, што па масту брат перайшоў, а сястра ўтапілася, што азначае: узяўшы шлюб, дзяўчына для свайго роду прападае, знікае назаўжды і будзе працягваць род мужа.

Ля жытнёвага поля раскладаецца вогнішча, вакол якога ўдзельніцы качаюцца, імітуючы сонечныя праменні, затым скачуць праз агонь тройчы дзеля ачышчэння, аздараўлення, і, узяўшыся за рукі, бягуць па полю змейкай — гэта вобраз маланкі, якая прыносіць дождж на поле, які разам з сонцам спеліць ураджай. У пэўны момант разбягаюцца і закопваюць у зямлю нешта металічнае – капейкі, жаночыя ўпрыгожванні, а самі качаюцца па руні, каб быць здаровымі і дужымі.

Вобраз сонца прысутнічае ў гэты дзень і на стале, за якім будуць праводзіць вясну — тут пякуць на малацэ і яйках тонкія бліны, якія называюць “богавы анучы”. А маланку імітуе асноўны карагод і назва самога абраду — страла.
Усе гэтыя магічныя дзеянні завяршаюць веснавы перыяд. Вяртаюцца з поля жанчыны, сарваўшы па 9 каласкоў жыта, якія будуць захоўваць дома за абразамі. Пры гэтым спяваюць ужо летнія песні — граныя, назва якіх звязана з Граным або Русальным тыднем, прысвечаны маленнямі аб дажджу і ўрадлівасці палёў. Традыцыя агульнаславянская, а можа і агульнаеўрапейская.

Тэкст: Рэгіна Гамзовіч
Фота: Альфрэд Мікус

Tradycyja