Кола беларускіх абрадаў / Каляндарныя абрады / Веснавыя абрады / Абрад “Русалле”
Абрад “Русалле”
у аграгарадку Маркава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці
Беларуска-расійска-ўкраінскае памежжа — традыцыйная тэрыторыя, дзе здаўна на восьмым тыдні пасля Вялікадня або праз тыдзень пасля Тройцы праводзяць абрад выправаджвання Русалкі за сяло, каб яна не шкодзіла людзям, а садзейнічала багатаму ўраджаю.
Русальны або Граны тыдзень — гэта час, калі Русалкам даецца воля вярнуцца на зямлю з падводнага царства. Яны гушкаюцца на галінах, спяваюць, водзяць карагоды.
У вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці некалі апраналі дзвюх Русалак і вялі іх па дарозе з цэнтра сяла ў розныя бакі. Зараз вядуць у бок жытнёвага поля адну Русалку пад спеў традыцыйных песень. “Правяду, правяду Русалачку да бору…” – разносіцца па вёсцы. Яе ахоўваюць два хлопцы, якія каля поля распальваюць вогнішча, затым усе “распранаюць” Русалку (здымаюць зеляніну) і праганяюць у жыта. Потым над агнём ачышчаецца ўся зеляніна і прысутныя скачуць праз агонь. Да вялікага гонару жыхароў, гэтая спадчына дзядоў-прадзедаў тут ніколі не перарывалася.
Размова пра звычаі і абрады Русальнага тыдня ў беларусаў
У вёсцы Усохская Буда Добрушскага раёна Гомельскай вобласці захавалі русальны абрад: пару маладых, якія збіраюцца ўзяць шлюб, звязваюць адной тоўстай вяроўкай і поўнасцю абвіваюць зелянінай (бяроза, алешына – ад пояса галінамі ўніз і ўверх), каб і вачэй не было відаць. І ўсё гэта пад спяванне традыцыйных песень. Затым вядуць на другі бок сяла. Па дарозе гурт з Русалкай сустракаюць жыхары і кланяюцца, мужчыны здымаюць капелюшы. Насустрач гурту з Усохскай Буды ідзе з суседняй вёскі такая ж Русалка. Суседзі кідаюцца на Русалак з аднаго і другога боку і зрываюць з іх адзенне. Русалкі бягуць у жыта. Жыта – ад слова “жыццё”, а гэты абрад праводзіцца, каб радзіла жыта і працягвалася жыццё.