Абрад жаніцьбы Коміна на Палессі

«Жаніцьба коміна» – абрад, які сімвалізуе заканчэнне работ у полі, пераход на «хатні» лад жыцця, пачатак вячорак.

Жаніцьба коміна (пасвета, лучніка) – сакральны абрад першага восеньскага запальвання святла ў хаце пасля засевак азімага жыта. Комін – прылада для асвятлення сялянскай хаты ў вячэрні час. Жэняць Комiн з працай у халодную пару года ў хаце. Абрад яшчэ памятаюць у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна і ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна. У кожнай вёсцы гэты абрад мае свае лакальныя адметнасці. У Пагосце жаніць Коміна пачыналі 11 верасня, а ў Дзяржынску 14 верасня на Сямёна-стоўпніка. У Пагосце не спявалі вясельных песень, а ў Дзяржынску яны былі ўключаны ў абрад. З палавінкай гарбуза, у якой гарэла свечка і ляжала бураковая кветка, гаспадыня хаты вяла за сабой гурт жанчын вакол коміна, затым свацці цалаваліся, як на вяселлі на парозе хаты маладой. У гэтых вёсках памяць пра абрад захавалі старэйшыя жанчыны, якія назіралі яго ў дзяцінстве. У гэты дзень першага запальвання святла ў хаце дзяўчаты-падлеткі ўпершыню запрадалі, вучыліся ў старэйшых. Падчас працы спявалі, расказвалі казкі, легенды і паданні.

Першае запальванне святла адбывалася ўрачыста ў шчодрага і багатага суседа, добрага гаспадара. Стваральніца гурта “Міжрэчча” Кацярына Аляксееўна Панчэня бачыла гэты абрад у сваёй хаце, бо бацька быў знакамітым гарманістам, і ў іх хаце збіраліся на вячоркі. Некаторыя памятаюць, што коміна жанілі толькі сваёй сям’ёй, без удзелу суседзяў, бо сем’і былі вялікія.

Комін апярэзваюць барвінкам, хмелем, садовымі кветкамі, на пасвет кладуць лучыну і запальваюць урачыста. Упрыгожваюць і пячны комін, ліюць туды гарэлку і просяць, каб агонь у хаце адганяў шуры-буры, свяціў добра, дапамагаў прасці і ткаць. Гаспадар і гаспадыня кладуць на пасвет мёд у сотах, печыва, сала — хто што меў, гаспадыня абсыпае Комін семкамі-гарбузікамі, а дзеці збіраюць.

Жанчыны ўторкваюць у барвінак на коміне каласкі жыта, а потым спяваюць песню “За моім садом пшэнічэнька росла”, затым заводзяць вакол коміна, танец па колу “Ой, музыкі мае, заіграйце вы мне”, пасля чаго адна з іх звяртаецца да Коміна са словамі (гэта можа быць і перад карагодамі):

“Каміночку, ты нам спагадай, кручы, буры, ветры ад нас адганяй. Дым і сажу пашлі варагам, а свет, ахвоту пашлі нам!”

Гаспадары запрашаюць за стол, наліваюць гарэлкі — чарачка ідзе па колу, кожная з жанчын нешта жадае. Затым гурт спявае, старэйшыя расказваюць дзецям розныя гісторыі пра вёску, пра Тур-пратоку, пра каменны крыж, які захоўваецца ў іх царкве, як ён калісьці прыплыў супраць цячэння і прыстаў ля Дзедавай Даліны, пра тое, як самі яны калісьці хадзілі на вячоркі і слухалі розныя байкі — пра буркун і тою, пра Бел-бога і іншыя.

Tradycyja