Купалле

Купалле – адно з найбольш яскравых і маляўнічых абрадаў у Беларусі. Адзначаецца 24 чэрвеня / 7 ліпеня, у хрысціянстве на гэты дзень прыпадае дзень нараджэння Прарока Іаана Прадцечы, які ахрысціў у рацэ Іардан Ісуса Хрыста. На працягу апошняга тысячагоддзя ў выніку ўзаемадзеяння старых язычніцкіх народных традыцый і хрысціянства за язычніцкім Купаллем замацаваліся іншыя назвы, якія адлюстроўваюць хрысціянскі ўплыў – Іван Купала, Ян, Іванаў дзень.

Як і Каляды, Купалле прысвечанае сонцавароту, адзначае максімум света і росквіту, пасля якога дзень пачынае змяншацца, а сусвет паціху рухацца за зімы, холаду і доўгіх начэй.  З гэтым святам звязваецца мноства ўяўленняў, паданняў, легенд аб сілах прыроды, схаваных у зямлі таямнічых скарбах, цудатворных зёлках і дзеяннях ведзьмакоў.

Купалле. Асаблівасці святкавання на Беларусі

Купальскае свята пачыналася 6 ліпеня, калі дзяўчаты пасля палудня ішлі збіраць кветкі і завіваць вяночкі. Хлопцы ў гэты час рыхтавалі месца для купальскага вогнішча. Культ сонца – найважнейшы ў купальскім абрадзе, і таму купальскім вогнішчам надавалася вялікае значэнне. Іх рабілі вялікіх памераў, каб жыта ўрадзіла высокім, а ўраджай багатым. Вогнішчы разводзілі на высокіх месцах, на скрыжаваннях дарог, па берагах рэк, азёр, паблізу жытніх палёў. Лічылася, што вогнішча будзе мець гаючыя і ачышчальныя ўласцівасці, калі падпаліць яго агнём, здабытым старажытным спосабам – трэннем адна аб адну дзвюх сухіх палак.

Сімвалам сонца выступала старое з’ежджанае кола, якое мацавалі на ўкопаны ў зямлю высокі шост. Пад ім складалі сабраны з кожнага двара “май” – засохлую зеляніну, якой упрыгожвалі хату на Сёмуху.

Увечары дзяўчаты, ўбраўшыся вяночкамі, ішлі з поля да месца купальскага вогнішча і спявалі купальскія песні. Як толькі сонца хавалася за гарызонт, запальвалі “май”. Каб пазбавіцца ад усяго дрэннага, старога, адмерлага, у купальскіх вогнішчах палілі старыя і сапсаваныя рэчы, а таксама сарочкі хворых дзяцей, каб яны хутчэй паправіліся.

Вакол вогнішча вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні, скакалі праз вогншча. Звычайна праз агонь скакалі хлопец з дзяўчынай: згодна з павер’ем, калі яны не расчэпяць рукі, значыць, і ў жыцці будуць разам. На заканчэнне гульняў моладзь спраўляла рытуальнае купанне ў рэках, азёрах, лічылася, што вада ў гэтую ноч валодае магутнай жыватворнай і пладаноснай сілай і робіць людзей прыгожымі. Таксама лічылася карысным умывацца ранішняй купальскай расою ці качацца па расе ў жыце. Вяночкі, якія плялі дзяўчаты, спускалі на ваду і гадалі – куды яны прыплывуць, у той бок дзяўчына пойдзе замуж.

Сяляне ў гэтую ноч уставалі рана і ішлі сустракаць усход сонца, якое ў гэты дзень “грае” –  скача і пераліваецца рознымі колерамі. Жанчыны збіралі купальскія ці іванаўскія кветкі і травы (“святаянскія зёлкі”). Паводле народнага ўяўлення, менавіта ў гэтую ноч усе кветкі і дрэвы маюць асабліва гаючыя ўласцівасці. Сабраныя зелкі асвячалі ў царкве і захоўвалі ў бажніцы. На працягу года іх ужывалі ад розных хвароб, дурнога вока, чараў і, нават, каб адвесці ўдары грому.

Купальскай ноччу розная нячыстая сіла актывізавалася і магла асабліва моцна шкодзіць людзям, ведзьмы ў гэтую ноч ходзяць па палях і робяць у жыце заломы. Каб пазбегнуць гэтага, хлапчукі распальвалі агонь за агародам, перашкаджаючы ведзьме выйсці са свайго жытла. Палохалі яе шумам і песнямі, якія спявалі дзяўчаты каля вогнішча.

Купальскае свята багатае на розныя легенды і паданні, шматлікія з якіх звязаны з кветкай папараць, якая нібыта зацвітае на Купалле ў поўнач. Верылі, што ў купальскую ноч на папараць зыходзіць агонь Перуна, і яна ўспыхвае яркім цветам, але цвіце некалькі імгненняў, і трэба паспець ухапіць яе. Папараць-кветка робіць яе ўладальніка нябачным, яна можа адмыкаць і замыкаць любыя замкі, паказаць ўсе клады, схаваныя ў зямлі.

Купалле ёсць ці не самым любімым і шанаваным святам у беларусаў.

Свята з нагоды летняга сонцастаяння вядома многім еўрапейскім народам, але менавіта на нашых землях захаваліся найбольш аўтэнтычныя элементы гэтага свята.

Цікавосткі: 
– У канцы Купальскай ночы, на ўзыходзе сонца, ёсць унікальная традыцыя: спяваць розныя песні з розных абрадаў. Так атрымліваўся спеўны хаос, які ў канцы ператвараўся ў адзіны, цэльны гарманічны спеў, прысвечаны менавіта Купаллю;
– Дзяўчаты і хлопцы выконвалі розныя місіі ў стварэнні агульнага свята;
– У Купалкі (Купалінкі) была не адна дачка, як мы чулі ў песні («Купалінка, Купалінка, цёмная ночка, а дзе ж твая дочка?..»), а шмат дачок і нават сыноў;
–  На Купалле можна даведацца сваю будучыню.

Беларускае купалле. Гурт “Варган”

Песня “Ішла Купалка сялом” у выкананні гурта “Варган” (Полацк)

Ішла Купалка сялом, сялом (2)   
Закрыўшы вочкі пяром, пяром (2)  
Вітала хлопцаў чалом, чалом (2)
Паліла ночкі агнём, агнём (2) 
Пляла вяночкі шаўком, шаўком (2) 
Слыла Купалка цяплом, дабром (2)  
Славу Купалке пяём, пяём (2)

Відэа: Мікалай Марчанка

Tradycyja