Кола беларускіх абрадаў / Каляндарныя абрады / Веснавыя абрады / Абрад Юраўскі карагод у Пагосце
Юраўскі карагод у Пагосце
Абрад “Карагод” на свята веснавога Юр’я 6 мая з’яўляецца этнічным маркерам жыхароў Тураўшчыны — лакальнага этнарэгіёна Усходняга Палесся, аднак у жывой традыцыі захаваўся толькі ў Пагосце. Таму першым на Беларусі ў 2004 годзе атрымаў статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а ў 2019 годзе ўвайшоў у Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, якой патрабуецца тэрміновая ахова.
Абрад завяршае цыкл веснавых карагодаў, якія водзяць з Вялікадня, аглядам азімых у полі і юраўскім валачобніцтвам па вёсцы. Прысвечаны плоднасці нівы, жывёлы і чалавека. У гэты дзень упершыню выганялі кароў на пашу, выкарыстоўваючы замовы і абярэгавыя дзеянні. Сёння ў Пагосце няма ніводнай каровы. Затое ва ўрочышчы Рагі пасвяцца быкі Хека – нашчадкі дзікага быка тура, штучна выведзеныя ў Германіі.
Само слова “карагод” (у гаворках “каравод”) азначае звычай быка вадзіць у поле ў гэты дзень, які суправаджаўся архаічнай атрыбутыкай і магічнымі абрадамі. Кругавы карагод прызначаны заклікаць на зямлю сонца і дождж. У гэты дзень упершыню далучаліся да жаночай супольнасці тыя дзяўчынкі, якія дасягнулі палавой спеласці, таму пасля абраду павінны былі насіць фартух.
Адсюль зялёны фартух, які нясуць у поле, — сімвал зялёных усходаў азімага жыта і дзявоцтва, а чырвоны сімвалізаваў адраджэнне і працяг жыцця, пераход дзяўчат у статус жанчыны. Таму пры юраўскім валачобніцтве па вёсцы ўдзельніцам выносілі 2 або цотную колькасць яек у падарунак — каб дзяўчаты знайшлі сабе пару і прадоўжылі род. А гаспадарам зычылі плоднасці жывёлы ў хлявах, ураджаю і здароўя. Летнія песні і гульнёвыя карагоды, якімі завяршаецца дзень веснавога Юр’я, абазначаюць тэму будучых вяселляў, нараджэння дзяцей, сямейнага жыцця. Абрадавы хлеб-карагод дзеліцца паміж усімі ўдзельнікамі абраду на сумесным застоллі з песнямі, музыкай, танцамі.