Абрад "Карагод" у Рычове

Абрад “Карагод” праводзiцца 6 мая на свята Юр’я ў аграгарадку Рычоў
Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Рычоў — адно з паселішчаў лакальнага этнарэгіёна Тураўшчына. Мясцовы гурт захоўвае характэрную манеру выканання песень міжрэчча Сцвігі і Прыпяці, што дало падставы ўключыць гэты элемент у Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Аднак абрад “Карагод” у жывой традыцыі, якая не перарывалася, як у Пагосце, не захаваў. Да таго ж, увёў у абрад атрыбутыку і дзеянні, якія раней не выкарыстоўваліся – напрыклад, драўлянае кола з каляровымі стужкамі і харэаграфічнымі рухамі вакол яго, пераняўшы гэты сімвал сонца са сцэнічных пастановак іншых калектываў.

Для ўдзелу ў абрадзе прыцягваюцца навучэнцы мясцовай школы. Пры гэтым не толькі дзяўчаты, але і хлопцы становяцца ў кругавы карагод, што ўвогуле парушае традыцыю і яе сэнс. На Тураўшчыне абрад “Карагод” шмат дзе ўвогуле называюць дзявочым, бо ў цэнтры ўвагі тут менавіта дзяўчаты. Пры добрым выканальніцкім узроўні і захаванасці традыцыйных тэкстаў і мелодый, “колішняй” манеры выканання абрад “Карагод” у Рычове ўключэнне хлопцаў у абрад — гэта прыклад таго, як скажаецца традыцыя, калі ў яе ўносяцца нехарактэрныя для яе элементы. Да таго ж, праца з дзецьмі — патэнцыяльнымі пераемнікамі традыцыі — павінна праводзіцца пастаянна, планамерна і ахопліваць усё гадавое кола абрадаў, нават калі яны аднаўляюцца з памяці носьбітаў або па друкаваных крыніцах, фанаграмах і відэазапісах. У той жа час задача для ўсіх фальклорна-этнаграфічных гуртоў Тураўшчыны — аднавіць абрад “Карагод” у тых вёсках, дзе ён існаваў, з усімі лакальнымі асаблівасцямі, што і адбываецца апошнія гады.

Тэкст: Рэгіна Гамзовіч
Фота:: Альфрэд Мікус

Tradycyja