Кола беларускіх абрадаў / Каляндарныя абрады / Веснавыя абрады / Абрад “Ваджэнне сулы”
Абрад “Ваджэнне сулы”
Вёска Маркавічы, Гомельскі раён
На другі дзень Вялікадня жыхары вёсак Гадзічава і Маркавічы пасля службы ў Свята-Кацярынінскай царкве (в. Гадзічава) збіраюцца ў полі за вёскай і заводзяць “Крывы Танок”. Карагод мае форму “вілюгі” (след ад маланкі) і заводзіцца вакол трох маленькіх дзяўчат (трох груп маленькіх дзяўчат) якія сімвалізуюць зярняткі, што пасеяны ў зямлю. У пэўны час выканання абрадавай песні “Падшыбну кабыліцу…”, дзяўчынак падкідваюць уверх з пажаданнямі “Вялікая расці! Здаровае расці! Высокае расці!” жадаючы росту як дзеткам так і зярнятамі. Пасля ўдзельнікі абраду “Гаржпняй” (карагод тыпу “Ручаёк” выходзяць з поля на вуліцу вёскі, дзе ўзяўшыся “пад рукі” шэрэнгавым карагодам “Вядуць Сулу” з песнямі, танцамі і музыкай з в. Гадзічава ў суседнюю вёску Маркавічы. Падыходзячы да скрыжаванняў дарог выконваецца абрадавая песня “Як ішла Сула…” і на кожным скрыжаванні заводзіцца Крывы танок”.
Да чалавечай плыні, як да рэчкі ручайкі, далучаюцца іншыя жыхары вёсак, і яны разам абыходзяць в. Маркавічы і завяршаюць абрад у цэнтры вёскі, дзе гасцей сустракае Маркаўчанка з велікоднай булкай “Паскай” і фарбаванымі яйкамі. “Пахрыстосаваўшыся” усе ўдзельнікі ідуць частавацца да сумеснага святочнага стала, куды кожны прыносіць яйкі, каўбасы, узвар, булкі і іншыя пачастункі.
На пытанне, для чаго яны водзяць Сулу, удзельнікі абраду кажуць: “Каб у нас усё радзіла і маланка нас не біла”.
Слова “Сула” абазначае наканечнік кап’я, самае яго вастрыё, рагаціну або паліцу і практычна з’яўляецца лакальным варыянтам абраду “Ваджэння стралы”.
Тэкст: Віктар Шыпкоў
Фота: Альфрэд Мікус