Восеньскія абрады

Восеньскія каляндарныя абрады звязаныя са зборам ураджая, ушанаваннем продкаў і падрыхтоўкай да зімы. Да дня асенняга раўнадзенства прымеркаванае свята Багач, якое адзначаецца 21 верасня. Хрысціянская царква ў гэты дзень адзначае дзень нараджэння Багародзіцы. Да Багача рыхтавалі сявеньку ці лубку, куды ссыпалі зерне з першага зажыначнага снапа і ўстаўлялі свечку, воск для якой збіраўся з усёй вёскі. Ладзіўся малебен, святар асвячаў Багач. Затым з Багачом гаспадар ў суправаджэнні святара абыходзілі ўсе вясковыя двары, дзе таксама праводзілі малебны і асвячалі новы ўраджай. Пад час абыходу на другі канец вёскі зганялася ўся свойская жывёла, і “багача” абносілі вакол статка. Пасля правядзення абраду “багача” адносілі ў хату іншага гаспадара, дзе ён захоўваўся на покуці перад абразамі ўвесь наступны год.

Менавіта з восеньскімі абрадамі звязаная традыцыя памінання продкаў – Дзяды. Адзначаюцца Змітраўскія дзяды (асяніны) перад днём Дзмітрыя Салунскага (26 кастрычніка) праваслаўнымі беларусамі і пасля Дня ўсіх святых (1 лістапада) католікамі. У традыцыйным беларускім календары Дзяды адзначаліся як найменей 4 разы на год па чатырох порах году: Масленічныя, Траецкія, Велікодныя і восеньскія. Але менавіта восеньскія лічыліся галоўнымі ў гадавым памінальным коле і называліся яшчэ Вялікімі дзядамі. Згодна з вераваннямі, у гэтыя дні дзяды, душы, радзіцялі наведваюць сваіх нашчадкаў, прыходзяць да іх на памінальную вячэру, паглядзець, як яны ўшаноўваюць памяць пра дзядоў, як дбаюць аб гаспадарцы. А нашчадкі імкнуліся як мага лепей прадэманстраваць сваю годнасць і дбайнасць, абрадавай трапезай дзякавалі дзядам за добры ўраджай напрыканцы года.

Пад вечар гаспадыні пачыналі гатаваць памінальную вячэру, на якой павінна была быць няцотная колькасць страў: 5, 7, 9. Калі ўсё было падрыхтавана да памінальнай трапезы, гаспадар запальваў грамнічную свечку перад абразамі і запрашаў дзядоў на вячэру: «Святыя дзяды, завём вас, хадзіце да нас, ляціце да нас… І тыя, каму не к каму ісці, і тыя, хто ў гэтых мясцінах жываў, хлеба-солі ядаў. Да свайго стала, да свайго прыпечка хлеба-солі засылайце, каб было чым душу поўніць: год ад году, век ад веку».

Абавязкова кармілі дзядоў: першая лыжка кожнай стравы, першыя кроплі напояў, першы блін – для дзядоў. Стравы адкладвалі ў спецыяльную міску для дзядоў і выстаўлялі яе за вакно са словамі: “Няхай яны са святымі пажываюць, а нам за наша добро хлеба-солі засылаюць”. Кожны раз, з’ еўшы лыжку ежы, клалі яе на стол на час, неабходны, каб дзяды таксама пачаставаліся, прычым лыжку трэба было класці выемкай уверх, каб нябожчыкі не перавярнуліся ў магілах ўніз тварамі. Раскладвалі стравы па вокнах. На стол ставілі шклянку вады, хлеб і столькі лыжак, колькі ў хаце было дзядоў.

Вячэра праходзіла ва ўрачыстай і стрыманай атмасферы: без гучнай весялосці, але ў ціхіх размовах, успамінах пра продкаў. Сядзелі за сталом доўга, успаміналі продкаў, пачынаючы з самага старэйшага, ці найбольш вядомага. Такія бяседы былі вузлавымі момантамі ў механізме  міжпакаленнай трансляцыі гістарычнай памяці. Менавіта ў такія дні моладзь даведвалася аб гісторыі свайго рода, аб важных падзеях, асобах, іх характарах і ўчынках, іншымі словамі – пра ўсё, што жывіць свядомасць чалавека, як прадстаўніка пэўнай сям’і, пэўнага рода, пэўнага грамадства. Пра продкаў гаварылі з замілаваннем, успамінаючы рысы характару кожнага з іх, аблічча, нейкія своеасаблівыя звычкі, словы, здольнасці, наказы і запаветы, якія яны пакінулі перад смерцю.

Пасля вячэры развітваліся з дзядамі і, як перад пачаткам вячэры запрашалі іх, так ў канцы праважалі: гаспадар браў вялікі кубак з вадой, накрываў яго ручніком і, адчыніўшы дзверы, развітваўся з душамі продкаў, прамаўляў рытуальныя словы накшталт гэтых: «Святыя дзяды! Паелі куцці – ідзіце дадому». Рэшткі страваў не прыбіраліся са стала, а пакідаліся на нач, каб продкі маглі прыйсці і пачаставацца. Акрамя гэтага, на стале для продкаў, пакідалі ваду, мыла, ручнік. Кожная сям’я шчодра частавала жабракоў, якія хадзілі на Дзяды па вёсках. Прычым, лічылася нядобрым знакам, калі жабрак міне нейкую хату. Гаспадары спецыяльна адпраўляліся за жабраком і запрашалі яго на пачастунак.

Tradycyja