Кола беларускіх абрадаў / Каляндарныя абрады / Зімовыя абрады
Зімовыя абрады
КАЛЯДЫ
Комплекс зімовых народных навагодніх святаў, які захаваў усе прыкметы абрадавасці пачатку года і чыста хрысціянскага тлумачэння. Каталікі адзначаюць гэтыя святы з 24 снежня па 6 студзеня, а праваслаўныя беларусы святкуюць Каляды з 6 па 19 студзеня. Тры вячэры-куцці спраўляюць перад Раством, Шчадрацом, Вадохрышчам (першая і апошняя – посная, сярэдняя скаромная). А развітваюцца з Калядамі 21 студзеня застоллем.
Амаль паўсюдна да свята рабілі саламянага павука, які вісеў над сталом і круціўся над ім, ахоўваючы дабрабыт сям’і. Што да Дзеда Мароза, то ў беларусаў такога навагодняга персанажа не было. Але Мароза абавязкова клікалі “куццю есці”, зачэрпнуўшы першую лыжку гарачай куцці і сімвалічна падносячы да акна. Некаторыя выносілі за парог для яго міску з традыцыйнай кашай, каб не марозіў вясной і ўлетку пасевы. Кажуць, што пасля Калядаў сонца паварочвае на лета, а зіма на мароз. Таму ўся магія калядных абрадаў скіравана на забеспячэнне здароўя людзей і свойскай жывёлы, дабрабыт, які закладаўся летам працаю на зямлі. Песні — калядкі і шчадроўкі — славілі гаспадароў, іх сыноў і дачок, зычылі ім шчасця.