Кола беларускіх абрадаў / Сямейныя абрады / Беларуская традыцыйная пахавальная абраднасць
БЕЛАРУСКАЯ ТРАДЫЦЫЙНАЯ
ПАХАВАЛЬНАЯ АБРАДНАСЦЬ

Пахавальная абраднасць і звязаны з ёй комплекс уяўленняў аб жыцці і смерці, пра “той” свет, продкаў займае важнае месца ў рытуальна-міфалагічнай сферы жыцця беларусаў. Да выканання пахавальных абрадаў ставіліся вельмі сур’езна, сачылі, каб усё да дробязей было зроблена так, як было прадугледжана традыцыяй. Менавіта пахавальна-памінальны комплекс звычаеў і абрадаў падвергся найменьшай трансфармацыі да нашых дзён.
Лічылася, што людзі, якія памерлі “сваёй смерцю”, пасля правядзення адпаведных рытуалаў пераходзілі ў статус продкаў, дзядоў, што сачылі з таго свету за жыццём сваёй сям’і і, калі сям’я выконвала ўсе абрады ўшанавання продкаў, спрыялі здароўю і дабрабыту.
Правільнай, добрай лічылася смерць старога чалавека, якую ён сустракае ў роднай хаце сярод дзяцей і ўнукаў. Адчуваючы набліжэнне смерці, чалавек развітваўся са сваякамі, дараваў ім крыўды і прасіў прабачэння за свае. Калі гэта быў гаспадар, то ён аддаваў распараджэнні па гаспадарцы і прызначаў свайго пераемніка. Калі гэта было магчыма, запрашалі святара для споведзі і прычасці.
Паміраючаму ўкладвалі ў рукі і запальвалі грамнічную свечку. Калі чалавек паміраў, родныя шчыльна закрывалі яму вочы і рот, спынялі гадзіннік у хаце, люстэрка завешвалі ручніком. Падчас агоніі неабходна было захоўваць поўную цішыню, і толькі пасля таго, як душа адышла, жанчыны пачыналі галасіць.
Наступным абрадавым дзеяннем было абмыванне нябожчыка. Для гэтага запрашаліся старыя людзі такога ж полу, як і памерлы. Нябожчыка апраналі ў загадзя падрыхтаванае новае, а калі не новае, то добра памытае адзенне. У Заходнім Палессі для гэтага выкарыстоўвалі самаробнае палатнянае адзенне белага колеру.
Пасля абмывання і апранання нябожчыка клалі на лаву каля сцяны нагамі да дзвярэй. Згодна з традыцыяй, нябожчык павінен быў пераначаваць у сваей хаце хоць бы адну ноч, пры гэтым яго не пакідалі аднаго ў хаце. Родныя, сваякі і суседзі ўвесь час знаходзіліся побач, не спалі, маліліся, ціха плакалі.
Сваякі і суседзі заўсёды падтрымлівалі сям’ю нябожчыка ў цяжкую гадзіну. Рабілі труну і капалі магілу толькі чужыя людзі, прычым рабілася гэта бясплатна, за пачастунак. У труну для нябожчыка клалі ўсё неабходнае, што можа спатрэбіцца яму на тым свеце: грошы для аплаты месца на могілках ці для пераправы праз раку на той свет, прадметы адзення, шапку для мужчыны і намітку для жанчыны, нож, рамеснікам – прылады іх працы, дзецям – цацкі, свечку, абразок і г.д.
Труну з хаты выносілі абавязкова чужыя людзі. Пры гэтым тры разы стукалі труной аб парог хаты, каб памерлы не вяртаўся туды. Калі ўсе ішлі на могілкі, нехта са сваякоў павінны быў застацца ў хаце. Пасля вынасу труны мылі лавы і падлогу, усё, асабліва тое месца, дзе ляжяў нябожчык, пасыпалі збожжам і хмелем, каб тут працягвалася жыццё і больш ніхто не паміраў.
Наперадзе жалобнай працэсіі неслі крыж. Тым хто праводзіў нябожчыка, забаранялася аглядвацца назад, інакш у вёсцы хутка зноў хто-небудзь памрэ. Калі жалобная працэсія ішла па вёсцы, ўсе павінны былі кінуць працу, нельга было абганяць шэсце, каб не здарылася нейкае няшчасце.
Працэсія спынялася каля крыжа, які стаяў каля вёскі на скрыжаванні дарог. Тут усе развітваліся з памерлым і закрывалі труну векам. Труну апускалі у магілу на ручніках ці намітках або вяроўках, якія потым пакідалі на могілках, павесіўшы на дрэвы. Блізкія сваякі кідалі на труну зямлю і грошы; на Палессі кідалі зачынены замок, каб у сям’і больш ніхто не паміраў. Сваякоў хавалі побач, каб і на тым свеце яны былі разам. Праваслаўных хавалі галавой на захад, католікаў – на ўсход.
Нежанатых хлопцаў і незамужніх дзяўчат хавалі ў вясельных строях. На пахаванне для іх выпякалі каравай, пасаг дзяўчыны раздавалі яе сяброўкам. На пахаванне збіралася шмат моладзі, па дарозе на могілкі кідалі кветкі. Маленькіх дзяцей хавалі апранутых у кашулі без галаўных убораў.
Самазабойцаў не абмывалі і не пераапраналі, а хавалі ў тым жа адзенні, у якім яны памерлі. Памінкі па іх не спраўляліся, бліжэйшым сваякам забаранялася прысутнічаць на пахаванні, не дазвалялася галасіць. Хавалі самазабойцаў за межамі могілак у лесе ці ў балоце, тапельцаў – на берагах рэк і азёраў.
Пасля пахавання з могілак ішлі хутка і іншаю дарогаю, абавязкова мылі рукі. Усе ўдзельнікі абраду збіраліся ў хаце нябожчыка на бяседны стол. Лічылася, што калі памінальны стол будзе бедны, памерлы можа абразіцца і раззлавацца, таму імкнуліся зрабіць яго па магчымасці багацейшым. Памінальны стол часам насіў назву яго галоўнай абрадавай стравы – гарачкі (гарачы пшанічны хлеб) ці клёцкі (мучны выраб). У некаторых рэгіёнах гэта слова атаясамлівалася са смерцю. Так, аб безнадзейна хворым чалавеку гаварылі: “Ну, клёцкі яму…”. Існавала традыцыя садзіць за памінальны стол і карміць усіх, хто прыйдзе, нават незнаёмых, і асабліва – жабракоў.
Напрыканцы трапезы маліліся, дзякавалі гаспадарам, выказвалі ім свае спачуванні і ішлі дадому. Першы з-за жалобнага стала ўставаў старэйшы па ўзросце, паколькі верылі, што той, хто раней выйдзе, той першы і памрэ. Гэтае павер’е не датычыла толькі святароў.
Памінкі адбываліся ў доме, дзе памёр чалавек, адразу пасля пахавання і ў наступныя пасля смерці дні: трэці (траціны), дзевяты (дзевяціны), саракавы (сарачыны), праз паўгода і праз год. На гадавіну смерці адзначаліся прыкладзіны. У гэты дзень клалі на магілу кавалак дрэва (абруб, прыклады) ці камень, ставілі крыж. На магіле наладжвалі абрадавую трапезу, частку ежы пакідалі для нябожчыка. Памінкі на гадавіну завяршалі першы цыкл памінання памерлага. Далей нябожчыка паміналі на Дзяды – ў спецыяльныя памінальныя дні, прадугледжаныя народным календаром.