Кола беларускіх абрадаў / Сямейныя абрады / Беларускія радзінныя звычаі і абрады
Беларускія радзінныя звычаі і абрады

У беларускай сям’і нараджэнне дзяцей успрымалася як Божае блаславенне. Сацыяльны ідэал у беларускім традыцыйным грамадстве маляваў моцную сям’ю, дзе шматлікія дзеці былі выхаваныя ў строгасці, павазе да бацькоў і любові да працы. Перавага надавалася нараджэнню хлопчыкаў, што і зразумела: хлопец, ажаніўшыся, прыводзіў у вялікую сям’ю яшчэ адныя працоўныя рукі, а дзяўчынку, казалі, “вырасці, вывучы і ў людзі аддай”. Ёсць яшчэ такая прымаўка: “хто росціць дочкі – ходзіць без сарочкі”.
З самага пачатку цяжарнасці жанчына знаходзілася пад уважлівым наглядам з боку сям’і ды і ўсёй грамады. Верылі, што яе паводзіны і ўчынкі абавязкова адаб’юцца на характары, лёсе і здароўі дзіцяці, таму для цяжарных існаваў асаблівы звод правіл паводзін на ўсе выпадкі жыцця. Правілы гэтыя базаваліся на ўніверсальным магічным прынцыпе: падобнае выклікае падобнае. То бок, калі цяжарная будзе добра працаваць, дбаць пра сваю сям’ю, хадзіць да царквы, то дзіця вырасце добрым працаўніком, будзе мець моцную сям’ю, будзе набожны. І наадварот, у жанчыны, якая падчас цяжарнасці парушае сацыяльныя, этычныя і інш. нормы, дзіця народзіцца з такімі ж хібамі.
Падчас родаў парадзісе дапамагала бабка-павітуха. Яна не толькі прымала роды, але і дапамагала першыя дні, пакуль жанчына не набярэцца сіл. Павітуха падтрымлівала адносіны з дзецьмі, якіх бабіла, на працягу жыцця, рабіла ім падарункі на святы. Наведванні бабкі прыёмнымі ўнукамі з’яўляюцца часткай некаторых каляндарных абрадаў.
Абрадавыя дзеянні, якія праводзілі з нованароджаным дзіцяцем, скіраваныя на тое, каб магічным чынам забяспечыць яму добрую долю і здароўе. Як і на Каляды, тут важную ролю адводзілі магіі першага: любая першая падзея вызначае, якімі будуць наступныя аналагічныя. Адным з першых абрадаў першае купанне. Першы раз купала дзіця бабка-павітуха. Ваду не кіпяцілі, бо, лічылі, ў такім выпадку дзіця вырасце злым і крыклівым. Аб чалавеку са скандальным характарам казалі, што ён “у гарачай вадзе купаны”. У ваду клалі манеты, святаянскія зёлкі, дзяўчынцы лілі малако, каб была прыгожая.
У бліжэйшы час пасля родаў сяброўкі і сваячкі парадзіхі прыходзілі да яе ў адведкі. Удзельнічалі ў абрадзе толькі замужнія жанчыны, запрашэнне не патрабавалася. Адведкі былі ўзаемна-абавязковыя, жанчына, якая не наведала сваю сяброку, асуджалася грамадствам. З пустымі рукамі не хадзілі, абавязкова неслі пачастунак: пірагі, бліны, хлеб. Праводзілі час у размовах аб родах, жанчыны ўспаміналі свой вопыт. Гэта было адведванне менавіта парадзіхі, асабліва калі дзіцёнак быў яшчэ не ахрышчаны, яго маглі нават не паказваць наведвальніцам.
З вялікай увагай беларусы ставіліся да выбару кумоў. Хросныя бацькі займалі важнае месца ў жыцці чалавека ў традыцыйным грамадстве. Яны былі адказныя за маральнае выхаванне сваіх хроснікаў, заўжды былі аўтарытэтам, да якога звярталіся за парадай, дапамагалі матэрыяльна, забіралі дзяцей на выхаванне, калі штосці здаралася з іх бацькамі. Пры выбары кумоў існавалі дзве розныя традыцыі. Згодна з першай, за кумоў бралі сваякоў, свой род. Па другой жа – наадварот, запрашалі не сваякоў, тлумачачы: “каб больш сваіх было”, бо кумаўство разглядалася як форма сваяцтва з вынікаючымі абавязковымі ўзаемнай падтрымкай, дапамогай і г.д.
Хрысцілі дзіця звычайна пад вечар. Бацькі дзіцяці не прымалі ўдзел ў хрышчэнні, заставаліся дома і рыхтавалі хрэсьбінны стол. Пакуль хрысцяць дзіця, маці старалася перарабіць як мага больш спраў у хаце, каб дзіця вырасла працавітым. Падчас хрышчэння гадаюць аб далейшым жыцці дзіцяці па яго паводзінах. Лічылі, калі дзіця голасна крычыць, то будзе мець злосны характар, але будзе моцнае, доўга пражыве. Дрэннай прыкметай лічылася, калі дзіця падчас хросту чхала ці кашляла, гэта прадракала слабое здароўе.
Хрышчэнне завяршалася вялікім святам, якое ладзілі бацькі нованароджанага – хрэсьбінамі. Гэта быў абрад прызнання, прыняцця новага чалавека ў якасці члена грамады, удзельнічалі ў хрэсьбінах толькі дарослыя жанатыя члены абшчыны, удзел моладзі быў не прыняты. Як і ўсё першае, хрэсьбіны разгляладіся як падзея, якая вызначала далейшы лёс дзіцяці. Галоўныя ролі тут належалі кумам і бацы-павітусе. Іх саджалі на покуці, каб дзіцёнак з усімы жыў у згодзе, кумы стараліся быць вясёлымі і гаваркімі, каб такі ж характар быў у іх хросніка. Сталы ставіліся ў прамую лінію, каб жыццё дзіцяці было доўгім і роўным.
Асаблівае значэнне на хрэсьбінах меў багаты стол: калі ад шчодрасці каляднага стала залежыць дабрабыт на наступны год, то ад хрэсьбіннага – на ўсё жыццё. Пачастунак імкнуліся зрабіць нават багацейшым, чым на вяселле. На хрэсьбіны гатаваліся лепшыя стравы. Абед быў посным ці скаромным у залежнасці ад таго, прыпадаў ён на пост ці не, але заўсёды багатым. Госці таксама не прыходзілі з пустымі рукамі, жанчыны неслі хлеб, пірагі, бліны, мужчыны – гарэлку ці грошы.
Галоўнай абрадавай стравай на хрэсьбінах была бабіна каша. Гэта была грэцкая, ячная, пшонная ці рысавая каша, якую бабка-павітуха варыла вельмі крутой на малацэ, з маслам ці салам, мёдам, цукрам. Звычайна для прыгатавання кашы бабка-павітуха купляла новы гаршчок. Прыгатаваную кашу яна ўрачыста несла па вуліцы ў спецыяльным прамавугольным кошыку, сплеценым з лазы. На Магілёўшчыне бабка наймала каго-небудзь за грошы, каб прывезлі кашу на вялікіх калёсах.
Кашу бабка не проста аддавала гасцям, а прадавала за грошы. Уносячы кашу, яна пачынала нахвальваць яе, якая яна смачная, і як здалёк яе прынеслі і прапанавала купіць у яе кашу: «Я варыла кашу з лімонцамі, а вы з чырвонцамі!». Той, хто заплаціў больш за ўсіх, атрымліваў права разбіць гаршок. Гэта павінен быць кум, для яго было вялікай ганьбай, калі нехта перакупаў у яго кашу.
Далейшы лёс нованароджанага ў вялікай ступені залежыць ад таго, як удалася каша. Як нядобры каравай абяцае нешчаслівае жыццё маладой сям’і, так і каша, якая развалілася пасля разбіцця гаршка абяцае нешчаслівае жыццё дзіцяці. Таму бабка старалася зварыць кашу вельмі крутой. Калі гаршок разаб’ецца, але крута звараная каша не раскідаецца, лічылі, дзіця пражыве доўга і багата. Бабка раскладвала кашу на чарапкі і раздавала гасцям са словамі: «На-тка, бабiнай кашы! Паглядзiм на рублiкi вашы! Гарэлачку выпi, кашай заясi, тарэлачку пазалацi!».
Спецыфічнай беларускай адметнасцю з’яўляецца захаванне хрэсьбінных песень. У фальклоры іншых усходнееўрапейскіх народаў гэты пласт народнай творчасці быў страчаны. Беларускія хрэсьбіны вылучаюцца сваёй карнавальнасцю, тут захоўваецца традыцыя выканання жартаўлівых сцэнак, дыялогаў, абрадавага пераапранання.