БЕЛАРУСКАЕ ВЯСЕЛЛЕ

Асноўны сэнс традыцыйнага вяселля – узаконьванне змены грамадскага статусу жаніха і нявесты на сямейны. На вяселле збіраецца ўся сям’я, уключна з блізкімі і далёкімі сваякамі. Традыцыйнае вяселле прадумвалася да дробязяў, і  кожны этап меў сакральнае і сацыяльнае значэнне для фармавання і існавання маладой сям’і.
Незвычайнай разнастайнасцю вызначаюцца вясельныя песні. Яны суправаджаюць увесь рытуал вяселля і адлюстроўваюць усе важныя падзеі гэтай разгорнутай цырымоніі. Цыкл беларускіх вясельных песень – самы багаты сярод вясельнага фальклору іншых славянскіх народаў.

Увосень, калі ўраджай быў сабраны, і наступала пара адноснага дастатка і вольнага часу ад палявых прац, пачыналася пара вяселляў. Менавіта ад Пакроваў да Піліпаўскага посту заключалася найбольшая колькасць шлюбаў. На другім месцы па колькасці шлюбаў быў час паміж Калядамі і Масленіцай перад Вялікім постам. Увосень хадзіць у сваты пачыналі пасля дня Іаана Багаслова, які адзначаецца 26 верасня, казалі, “Святы Багуслаў дружкі разаслаў”. Заканчэннем перыяду сватання быў дзень св. Дзмітрыя (26 кастрычніка) ці Пакрова (14 лістапада). Калі да гэтага дня да дзяўчыны сваты не прыйшлі, то наступных чакаць можна было праз год. На гэты конт казалі: “Да Пакровы дзеўка гатова, прыйшла Пакрова – раве бы карова”.

У сваты ішлі па некалькі чалавек: бацька родны ці хросны, дзядзька, брат жаніха, магла ісці маці ці хросная маці. У Заходнім Палессі перад сватаннем хадзілі ў пярэпыты: маці жаніха ці свацця прыходзіла да бацькоў абранай дзяўчыны і атрымлівала папярэднюю згоду на шлюб, толькі пасля гэтага ішлі ў сваты.

На працягу вяселля ўвесь час падкрэсліваецца пасіўная, другасная роля маладых: аб шлюбе дамаўляюцца сем’і. Калі ішлі сватацца ў сваёй жа вёсцы, дзе жаніха ведалі, ён сам мог вогуле не ўдзельнічаць у сватнні. Дзяўчына, пабачыўшы, што пыехалі сваты, сыходзіла ў іншае памяшканне ці да суседзеў і вярталася толькі тады, калі была дасягнутая згода на шлюб.

Сваты прыносілі хлеб і гарэлку, у выпадку дасягнення згоды гарэлку выпівалі, а нявеста напаўняла бутэльку жытам, загортвала ў кавалак палатна і аддавала жаніху ці сватам.

У хуткім часе па сватанні адбываліся запоіны, куды запрашалася невялікая колькасць гасцей. Праз некаторы час адзначалі заручыны ці вялікія запоіны. Тут ужо падрабязна дамаўляліся аб усіх абставінах і ўмовах вяселля, маладыя маглі абменьвацца меднымі пярсцёнкамі. Калі да заручын яшчэ дапускалася перадумаць і адмяніць вяселле, то пасля заручын адмова амаль не сустракалася, такое вельмі асуджалася грамадскай думкай і вяло да працяглай варожасці паміж сем’ямі.

Напярэдадні вяселля ў суботу ў хаце нявесты адбываўся дзявочы вечар, які называлі суборная субота, вянкі, дзявочнік, зборны вечар. Дзяўчаты збіраліся і рыхтавалі вясельны вянок і кветкі для сваёй дружыны і дружыны маладога. Таксама у гэты вечар упрыгожвалі вясельнае дрэўца – гільца, сімвал дзявоцкасці, з якой развітвалася маладая. Вянок быў знакам перахода ад дзявоцтва да дарослага жыцця, яго стараліся зрабіць роўным, моцным, багата ўпрыгожвалі, каб і далейшае жыццё маладой было такім жа.

Пачаткам вяселля можна лічыць выпечку каравая. У залежнасці ад лакальнай традыцыі, гэта адбывалася за два-тры дня да вянчання ці напярэдадні, а часам нават непасрэдна ў дзень вянчання. Каравай пякуць асобна ў доме жаніха і ў доме нявесты. Як сімвал перахода ў статус дарослых людзей, каравай выпякаецца толькі адзін раз у жыцці. Калі, напрыклад, жэніцца ўдавец, то каравай ужо не выпякаўся.

Выпечка каравая суправаджалася шматлікімі разнастайнымі рытуаламі і абрадавымі каравайнымі песнямі, якіх у беларусаў існавала вялікае мноства. Каравай пякуць спецыяльна запрошаныя каравайніцы – маладыя замужнія жанчыны, сярод іх выбіраюць старшую каравайніцу, якая кіруе працэсам і сочыць, каб былі правільна выканананы ўсе традыцыі, бо ад таго, як удасца каравай, меркавалі, залежыць усё далейшае жыццё маладых. Акрамя каравайніц выбіралі дзяўчат, якія выпякалі з цеста фігуркі: птушак, людзей, дрэва і г.д. і ўпрыгожвалі каравай. Такія фігуркі называліся гускі, а дзяўчаты – гусарніцы.

Паколькі каравай – увасабленне ідэі багацця, плоднасці, дабрабыту, то прадуктаў павінна быць з лішкам, частка заставалася нявыкарыстанай. Дзеля багатага жыцця маладых яго рабілі як мага больш вялікіх памераў, часам прыходзілася выломліваць цагліны з печы, каб яго дастаць. Паўсюдна каравай, які ўдаўся, абяцаў багатае жыццё маладым.

Працэс вырабу каравая ў беларускім фальклоры мае паралелі з касмаганічнымі міфамі: каравай ствараюць Бог са святымі, Прачыстая Маці Божая, анёлы, даючы разам з караваем долю маладым.

У саду галлё вісіць,
Сам Бог каравай месіць,
Прачыстая свеціць,
Хрыстос прысутпае,
Хустаю накрывае.

А ў цёмным лесе
Сам Бог каравай месіць,
А Прачыстая свеціць,
А анёлы воду носяць,
У Бога долі просяць:
– Дай жа ж, Божа, долю,
Нашаму маладому:
Адну долю грашовую,
А другую забожвую,
А трэцюю дзяціную.

Раніцай у дзень вянчання адбываўся адзін з самых драматычных момантаў вяселля – пасад маладых. Сэнс абрада – у перамене прычоскі і галаўнога ўбора, што азначала і перамену статуса, развітанне з дзявоцтвам. На пасад садзілі жаніха і нявесту асобна, кожнага ў сваім доме. Сват прасіў у бацькоў нявесты блаславення “на пасад дзіця звесці”, на што тыя адказвалі: “Бог блаславіць!”. Вёў маладую брат, прывязаўшы да яе рукі ручнік, вытканы і вышыты ёй самой. Уся працэсія на чале са сватам з хлебам у руках ішла ў хату, маладая з братам тройчы абыходзіла вакол стала, кланяючыся ўсім прысутным.

Нявесту саджалі ня дзяжу, у якой ляжалі хлеб і соль. Зверху яе пакрывалі кажухом. Дзяжа, у якой расчынялася цеста для хлеба, была сімвалам пладавітасці, багацця і задроўя. Седзячы на ёй у кульмінацыйны момант абрада перахода, нявеста таксама далучалася да гэтых сэнсаў. Але сесці на дзежку на пасад магла толькі тая дзяўчына, якая захавала цнатлівасць да шлюбу.

Брат ці спецыяльныя вясельныя чыны – закоснікі – распляталі нявесце касу. Пасля гэтага брат тройчы абносіў вакол галавы нявесты запаленую грамнічную свечку і падпальваў ей валасы з чатырох бакоў у выглядзе крыжа. Затым шаферкі ўпрыгожвалі маладую вясельным вянком, сплеценым у суборную суботу. Дружкі пры гэтым спявалі:

Ой, жаль, жаль будзе
Домначцы касы,
Ой не так касы,
Як дзявоцкае красы.

Каса – сімвал дзявоцкасці, насіць яе маглі толькі дзяўчаты. Кульмінацыйнм момантам было выпляценне стужкі з касы, якую аддавалі дружкам нявесты, як знак таго, што больш ёй стужкай касу не заплятаць і з дзяўчатамі не гуляць. Нявеста ў гэты момант моцна плакала.

Ад’язджаючы за маладой, жаніх прасіў бласлаўлення бацькоў, кланяючыся ім. Маці, апрануўшы кажух, тройчы абыходзіла вясельны поезд і абсыпала яго зернем, сімвалам жыцця і багацця. 

У нявесты дружкі перагароджвалі вароты, не прапускаючы дружыну маладога, патрабавалі “падарожны ліст”, выкуп. Плаціць выкуп трэба было і ў хаце нявесты: за месца жаніха побач з нявестай, за ўпрыгожванні, якія дзяўчаты мацавалі на адзенне шафераў і г.д.

Бацькі бласлаўлялі маладых да шлюбу, бацька маладой, звязаўшы ім рукі ручніком, тройчы абводзіў іх вакол стала, пасля чаго маладыя ехалі вянчацца.

Вянчацца ехалі асобна: жаніх – першы, нявеста – за ім. Калі царква знаходзілася недалёка, і маладыя ішлі пешкі, то яны былі павінны пакланіцца тройчы кожнаму, хто сустрэнецца па дарозе. Падчас вянчання розныя прыкметы вызначалі далейшае жыццё маладых. Кожны з іх стараўся першым стаць на ручнік у царкве: той, хто зробіць гэта першым, будзе верхаводзіць у сям’і. Для гэтага і свечку імкнуліся трымаць вышэй. У дзень вянчання маладыя павінны быць цалкам здаровыя, паколькі лічылася, што інакш хвароба ніколі не вылечыцца – “завянчаецца”. Дрэннай прыкметай было, калі ў аднаго з маладых патухне свечка ці ўпадзе кольца.

Пасля вянчання затолле наладжавлі ў хаце нявесты. Стол павінен быць шчодры і багаты, каб такое ж жыццё было ў маладых. На стол падавалі тушанае і варанае мяса, сала, вяндліны, каўбасы,  грэцкую бабку з яйкамі, печаную на дражджах, капусту, блінцы, пернікі і інш.

Усе запрошаныя на вяселле абавязкова ўносілі ў вясельнае застолле сваю долю закускі і выпіўкі. Прыносілі хлеб, пірагі, сала, мяса, масла, крупы, гарэлку – прыкладна столькі, сколькі можна з’есці за час затолля. У Валкавысскім павеце, па сведчанні М.Федароўскага, часам гарэлку, якую прыносілі госці, злівалі ў адну банку, голасна аб’яўляючы, ад каго гэта гарэлка.

Кульмінацыйны момант вяселля – падзел каравая. Госці падносілі маладым падарункі, за што кожны атрымліваў долю каравая, сваю долю шчасця. Сват, дзелячы каравай, сачыў за тым, каб яго абавязкова хапіла ўсім, нават тым, каго пакуль што няма ў хаце. Калі каму-небудзь не хопіць каравая-долі, то маладую пару чакаюць вялікія беды і нястачы.

Перад ад’ездам маладой у дом жаніха адбываўся вельмі эмацыянальна напружаны абрад развітання маладой з бацькоўскай хатай. Яна кланялася сваім бацькам, сваякам, суседзям, а таксама сакральным месцам у хаце: покуці, дзежцы, печцы. Абрад суправаджаўся выкананнем песень аб нялегкім жыцці ў хаце свекрыві, пры гэтым нявеста моцна плакала. Перад ад’ездам яна сыпала зерне ва ўсе бакі ў хаце, у сенцах і на двары. Шафер выкупаў у маці і сябровак нявесты яе пасаг, выносіў яго, і працэсія накіроўвалася да хаты маладога.

Бацькі жаніха сустракалі маладых на парозе з хлебам-соллю. Маці  жаніха абсыпала маладых дробным печывам і казала: “Вітаю цябе, нявехна, на дзевяць сыноў, на дзясятую дачку-вышывальніцу!”

Пасля прыезду ў хату маладога нявеста сыпала жыта ва ўсе куткі, пачынаючы з покуці, і выпускала курыцу. Маладым давалі ў першую чаргу з’есці мёду, каб салодка жылося і яечню, якую яны павінны былі з’есці адной лыжкай, прывезенай з сабою.

На трэці дзень вяселля вялікае месца займалі адбрадавыя дзеянні, накіраваныя на праверку здольнасцей і характару маладой. Яна павінна была падмесці падлогу, прынесці ваду з калодзежа, замясіць цеста, спячы блінцы. Пры гэтым удзельнікі вяселля ўсяляк ёй перашкаджалі: раскідвалі смецце па падлозе, кідалі грошы, лілі ваду. Маладая павінна была прадэманстраваць свой спакойны і вясёлы характар, не злавацца і рабіць усе што патрэбна.

Апошняе з вясельных застолляў – пярэзвы ці перазоў, гасціна, падвясёлкі, пераводзіны. Сюды запрашаліся найбольш паважаныя і сталыя сваякі. Яны прыносілі пірагі, мачаныя ў мёд з цёртым макам, аладкі ў смятане, смажаніну. Праз тыдзень пасля вяселля бацькі маладога і іх бліжэйшыя сваякі разам з маладымі прыязджалі з пірагамі да бацькоў маладой, дзе збіраліся сваякі і наладжвалася частаванне.

У відэа роліках фестывалю “Вяселле фэст” прадстаўлена рэканструкцыя асноўных вясельных абрадаў і традыцый, характэрных для Драгічынскага, Пружанскага і Пінскага раёнаў Беларусі. 

Вясельныя традыцыі Брэсцкага Палесся адметныя сваёй маляўнічасцю на фоне агульнабеларускай традыцыі. Вызначальная рыса заходнепалескага вяселля, надзвычайная развітасць каравайных цырымоній. Ні ў адным іншым рэгіёне Беларусі рытуальны хлеб – каравай – не меў на вяселлі такога значэння, як на Брэсцкім Палессі. Толькі тут усе этапы яго прыгатавання суправаджаліся разнастайнымі абрадавымі дзеяннямі і спецыяльнымі песнямі, і толькі тут караваі выпякалі вялікімі, укладваючы ў іх упрыгажэнне шмат фантазіі і майстэрства.

Прыбіранне караваю (для маладога)

Спяваюць і паказваюць – народны калектыў сясцёр Лук’яновіч
 (вёска Леснікі, Драгічынскі раён)

Прыбіранне караваю (для маладой)

Гурт “Бабіна лета”
(вёска Аранчыцы, Пружанскі раён)

Прыбіранне маладой і выкуп
і Пасад і благаслаўленне маладых

Спяваюць і паказваюць – народны калектыў сясцёр Лук’яновіч
(вёска Леснікі, Драгічынскі раён)

Аб’яўленне стварэння шлюбу.
Віншаванне-благаслаўленне маладых

Гурт “Бабіна лета”
(вёска Аранчыцы, Пружанскі раён)

Абрад "Рагатка"

Стол з хлебам і гарэлкай перагарожвае праход маладым, абрад прадугледжвае “выкуп” праходу гарэлкай.

Сустрэча маладых пасля вянца

Маладых сустракае свякроў з караваем, хто адкусіць большы кавалак, той будзе галоўным у сям’і.  Пасад, абыход святочных сталоў 3 разы. 

Застолле першае

Віншаванне маладых, застольныя спевы

Абрад "Застрыг"

Праводзіць гурт “Хатовічы” (вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён)

Tradycyja