Бяседныя песні (2019)

Выданне знаёміць слухачоў з традыцыяй беларускіх застольных песень, сабраных у розных рэгіёнах Беларусі з 1960-х гадоў да нашага часу.

Спевы суправаджалі нашых продкаў ад нараджэння да смерці. Бяседныя песні спявалі ў святочныя моманты, калі ў застоллі збіраліся сям’я, суседзі і знаёмыя. Іх рэгіянальныя назвы — застольныя, гасцявыя, п’яніцкія, карчомныя, банкетовыя, пірушачныя, кірмашовыя. Пра бяседныя песні казалі: “Як толькі адну чарачку вып’ю — і ўсё, пашло: вы сядзіце, а я буду песні пяяць”.

Бяседныя песні выконвалі на застоллі ў гонар нараджэння дзіцяці і ўслаўлялі гасціннасць і шчодрасць гаспадароў, добры пачастунак. У песнях “пад чарачку” апавядалі пра сямейныя ўзаеміны: жыццё ў няроднай сям’і, адносіны з мужам, свёкрам ды свякроўю, смутак па родным доме.

“Спявалі пра развітанне з бесклапотным жыццём, велічалі маладых, жартавалі з дружыны жаніха і нявесты на вясельным застоллі. У час кірмашоў і фэстаў, куды з’язджаліся сваякі і знаёмыя, спявалі кірмашовыя песні”, – тлумачыць укладальніца “Бяседных песень” Яніна Грыневіч.

Большасць застольных твораў былі не абрадавымі, а “жызненнымі”. У іх расказвалі пра жаночую долю, няспраўджаныя надзеі, нялюбага мужа: “Я ж думала, што сакол леціць, аж нелюбы й уздагон бежыць”, нявернасць ды сацыяльную няроўнасць. Вясёлыя, гумарыстычныя творы суседнічаюць з сумнымі, задуменнымі.

Усе кампазіцыі кнігі-CD “Бяседныя песні” выдадзены ўпершыню.

Tradycyja