Кола беларускіх абрадаў / Каляндарныя абрады / Летнія абрады
Летнія абрады
Купалле – адно з найбольш яскравых і маляўнічых абрадаў у Беларусі. Адзначаецца 24 чэрвеня / 7 ліпеня, у хрысціянстве на гэты дзень прыпадае дзень нараджэння Прарока Іаана Прадцечы, які ахрысціў у рацэ Іардан Ісуса Хрыста. На працягу апошняга тысячагоддзя ў выніку ўзаемадзеяння старых язычніцкіх народных традыцый і хрысціянства за язычніцкім Купаллем замацаваліся іншыя назвы, якія адлюстроўваюць хрысціянскі ўплыў – Іван Купала, Ян, Іванаў дзень.
Як і Каляды, Купалле прысвечанае сонцавароту, адзначае максімум света і росквіту, пасля якога дзень пачынае змяншацца, а сусвет паціху рухацца за зімы, холаду і доўгіх начэй. З гэтым святам звязваецца мноства ўяўленняў, паданняў, легенд аб сілах прыроды, схаваных у зямлі таямнічых скарбах, цудатворных зёлках і дзеяннях ведзьмакоў.
Галоўныя абрады другой паловы лета былі прысвечаныя жніву, ад поспеха якога залежала жыццё селяніна ў будучым годзе. Жніво пачыналася абрадам пакрывання поля, калі маладая жанчына ў суправаджэнні дзяўчат на досвітку нажынала невялікі снапок жыта, абкручвала яго кавалкам новага палатна і пад жніўныя спевы падносіла гаспадару поля. Праз пару дзён рабілі зажынкі. Гаспадыня нажынала першы сноп, які называўся “сноп-гаспадар”. Яго ўрачыста неслі дадому, ставілі на покуць і пакрывалі ручніком, так ён стаяў да малацьбы.
У апошні дзень жніва праводзілі абрад завіванння барады, калі на полі пакідалі невялікую лапінку жыта, клалі туды хлеб з соллю, і каласы прыміналі да зямлі са словамі “Дарую цябе, ніўка, хлебам з соллю, а ты нас сыццю сыці і спорам, і добрым здароўем!”. Дзяўчаты выбіралі “Багіню”, надзявалі ёй на галаву вянок з калоссяў. Багіня несла дажыначны сноп, яго ўручалі гаспадару і ставілі на покуць. На дажынкі ладзілася святочная вячэра, на якую гатавалі густую кашу, каб спрыяць вялікаму ўраджаю на наступны год.